Артыкулы: Несялоўскі Казімір Ігнат
Несялоўскі Казімір Ігнат (1676—пасля 1752) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Смаленскі кашталян з 1738.
З роду Несялоўскіх. Шмат разоў выбіраўся паслом на соймы Рэчы Паспалітай дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У маладосці ўдзельнічаў пад камандаваннем кароннага гетмана А.Сяняўскага ў бітвах з татарамі на Украіне. У час Паўночнай вайны 1700—21 падтрымліваў караля Станіслава Ляшчынскага. Прыняў актыўны ўдзел у Тарнаградскай канфедэрацыі (1716), выконваў функцыі пісара сканфедэраванага войска. Потым перайшоў на бок караля Аўгуста ІІ. Адначасова падтрымліваў кантакты з Расіяй. У час бескаралеўя пасля смерці Аўгуста ІІ (1733) выказаўся супраць кандыдатуры на трон Станіслава Ляшчынскага і пастаноў канвакацыйнага сойма аб выбарах паляка і католіка. Стаў маршалкам канфедэрацыі Новагародскага ваяв. Адначасова быў вымушаны падтрымаць на новагародскім сойміку пасэсараў «Нойбургскіх маёнткаў» і стаў фактычным удзельнікам іх канфлікту з канюшым ВКЛ М.К.Радзівілам Рыбанькам. Разам з новагародскай шляхтай не прыняў удзелу ў элекцыйным сойміку і выбарах Станіслава Ляшчынскага. Стаў адным з актыўных удзельнікаў абрання каралём Фрыдэрыка Аўгуста (Аўгуста ІІІ), удзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага ў ВКЛ. Як узнагароду Аўгуст ІІІ у 1734 прапанаваў яму ўрад мсціслаўскага ваяводы, але Н. адмовіўся. У 1737 быў паслом у Расію ад Радзівілаў. Надалей быў цесна звязаны з Радзівіламі. Перад смерцю аслеп і таму ў 1752 адмовіўся ад смаленскай кашталяніі. У 1743 выдаў у Пінску кнігу «Публiчныя забаўкi» («Otia publica vix domestica»), у 1752 — «Хатнiя забаўкi» («Otia domestica»), дзе змясцiў свае вершы, эпiсталярна-мемуарныя матэрыялы, прамовы, гiст. паведамленнi, у т.л. легендарнага характару, дакументы, адозвы. Кнiга карысталася папулярнасцю ў сучаснiкаў; 2-е выданне выйшла ў Супраслi пад назвай «Хатнiя забавы цiкаўнага» (1783); з’яўляецца важнай гiст. крынiцай.
Літаратура:
Kantecki K. Stronnictwo saskie w Polsce roku 1733: kilka rysów do charakterystyki ludzi i czasu // Niwa. 1877. R. 6, t. 11.
Zielińska Z. Walka «Familii» o reformie Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.
Lisek A. Litwini na sejmie elekcyjnym w 1733 roku // Z dziejów XVII i XVIII wieku. Katowice, 1997.
Яго ж. Postawa Radziwiłłów w okresie przedostatniego bezkrólewia i w pierwszych miesiącach wojny domowej (1733—1734) // Radziwiłłowie: Obrazy literackie. Biografie. Świadectwa historyczne. Lublin, 2003.
Sliesoriūnas F. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė 1733—1736 metų tarpuvaldžiu // Lietuvos Valstybė XII—XVIII a. Vilnius, 1997.
Palkij H. Sejmy 1736 i 1738 roku. Kraków, 2000.
© Андрэй Мацук, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


