Артыкулы: «Нойбургскія маёнткі»

«Нойбургскія маёнткі» — спадчынныя ўладанні згаслай пасля смерці Б.Радзівіла ў 1669 біржанскай лініі Радзівілаў: Слуцкае і Капыльскае княствы, Себежскае і Невельскае графствы, Копысь, Раманава, Беліца, Койданава, Біржы, Дубнікі, Кейданы, Заблудаў і інш.

Радзівіл завяшчаў усе свае маёнткі дачцэ Л.К.Радзівіл. Былі вызначаны 12 апекуноў, у т.л. брандэнбургскі электар Фрыдрых Вільгельм і М.К.Радзівіл з нясвіжскай лініі. Брандэнбургскі электар пастараўся, каб Л.К.Радзівіл выйшла замуж за яго сына Людвіка. Шлюб адбыўся 7.1.1681, аднак 7.4.1687 хворы на тыф Людвік памёр. Л.К.Радзівіл заручылася з Якубам, сынам караля Яна ІІІ Сабескага, і пісьмова абяцала, што калі сарве заручыны, то страціць усе свае ўладанні ў ВКЛ. Гэта не перашкодзіла ёй 10.8.1688 заключыць шлюб з нойбургскім электарам Карлам Філіпам. Яну ІІІ не ўдалося завалодаць маёнткамі Л.К.Радзівіл, бо на яе баку выступілі сваякі Сапегі, а вял. гетман ВКЛ Я.К.Сапега заняў войскамі яе ўладанні. Кіраванне маёнткамі ў ВКЛ Л.К.Радзівіл ажыццяўляла праз аканомаў, найб. вядомым з іх быў С.Незабытоўскі. Пасля смерці Л.К.Радзівіл у 1695 на яе ўладанні прад’явілі прэтэнзіі прадстаўнікі нясвіжскай лініі Радзівілаў, абгрунтоўваючы свае правы сфальсіфікаваным запісам Б.Радзівіла ад 28.6.1669 аб перадачы пасля яго смерці і смерці дачкі ўсіх уладанняў біржанскай лініі Радзівілаў нясвіжскім сваякам. Радзівілаўскім прадстаўнікам не ўдалося заняць «Н.м.», бо супраць выступілі Сапегі. Войскі ВКЛ пад камандаваннем вял. гетмана Сапегі ў некалькіх узброеных сутычках разбілі радзівілаўскія войскі і занялі ўсе ўладанні Л.К.Радзівіл, прыняўшы прысягу ў жыхароў ад імя рэйнскага электара Карла Філіпа. 18—20.4.1695 на радзе Сената кароль Ян ІІІ Сабескі быў прызнаны апекуном дачкі Л.К.Радзівіл, Эльжбеты Аўгусты, але не здолеў рэалізаваць гэтую пастанову. Сапегі атрымалі ў Трыбунале ВКЛ 21.4.1695 пацвярджэнне, што ўладанні Л.К.Радзвіл дастануцца яе дачцы Эльжбеце Аўгусце, апекуном якой быў прызначаны вял. гетман Сапега. 30.6.1697 Сапегі падпісалі дагавор з Карлам Філіпам, паводле якога апекуном «Н.м.» стаў Сапега. Дамова была пацверджана 31.11.1699 каралём Аўгустам ІІ. Аднак магутнасць Сапегаў была падарвана ў выніку бітвы са сканфедэраванай шляхтай пад Алькенікамі 18.11.1700. Дапамогу канфедэратам аказваў і канцлер ВКЛ К.С.Радзівіл, які пасля паражэння Сапегаў стаў апекуном «Н.м.». Паўн. вайна 1700—21 прынесла значныя спусташэнні «Н.м.». Гэта паскорыла заключэнне дагавора 1.7.1714 паміж Карлам Філіпам і Аўгустам ІІ. Апошні атрымаў за 200 тыс. рэйнскіх залатых усе «Н.м.» ў заставу. У маі 1714 Сапегі аб’явілі свае прэтэнзіі на «Н.м.» і заключылі ў гэтай справе саюз з вял. гетманам ВКЛ Л.Пацеем. Яму яны абяцалі трэцюю частку «Н.м.». Канстытуцыя сойма 1717 канчаткова прызнала «Н.м.» земскімі, якія належалі Эльжбеце Аўгусце. Сапегі і Пацей аспрэчылі яе правы ў Трыбунале ВКЛ 1719. Падставай быў яе шлюб не з жыхаром Рэчы Паспалітай Іозефам Карлам дэ Зульцбахам без згоды бліжэйшых родзічаў, Сапегаў. Трыбунал ВКЛ 1719 прысудзіў «Н.м.» Сапегам як бліжэйшым родзічам Эльжбеты Аўгусты. У наступныя гады Сапегі і Пацей атрымалі яшчэ некалькі рашэнняў Трыбунала ВКЛ на сваю карысць. Іх выкананню перашкаджала тое, што «Н.м.» знаходзіліся ў заставе ў Аўгуста ІІ. Пры пасрэдніцтве Пацея 7.11.1729 Сапегам удалося заключыць дагавор аб выплаце Аўгусту ІІ сумы заставы. 3.1.1730 нечакана памёр Пацей, і кароль адмовіўся выконваць дагавор з Сапегамі. Нясвіжскім Радзівілам 19.10.1730 удалося заключыць дагавор аб шлюбе Г.Ф.Радзівіла з малодшай дачкой Эльжбеты Аўгусты Францішкай. Да шлюбу Радзівілы атрымоўвалі «Н.м.» ў заставу. Сапегі аспрэчылі гэта ў Трыбунале ВКЛ. Апагей канфлікту прыпаў на Трыбунал ВКЛ 1731. Перамаглі Сапегі дзякуючы падтрымцы Агінскіх, якім была абяцана трэцяя частка «Н.м.». Сапегі вырашылі выканаць пастановы Трыбунала ВКЛ і з дапамогай зброі заняць «Н.м.», аднак гэтаму перашкодзіў Аўгуст ІІ, які загадаў канцлеру ВКЛ і рэгіментару М.Вішнявецкаму абараніць «Н.м.». 8.3.1732 Сапегі і Радзівілы заключылі дагавор, паводле якога Сапегі адмаўляліся ад усіх правоў на «Н.м.» за 2 млн. злотых.

Атрыманыя Радзівіламі маёнткі знаходзіліся ў дрэнным стане. Шляхта-пасэсары трымалі «Н.м.» на вельмі выгадных умовах, родзічы аканомаў захапілі дадатковыя землі. Радзівілы адразу пачалі вяртаць застаўленыя маёнткі і мяняць умовы арэнды. Гэта выклікала незадаволенасць пасэсараў і іх доўгі канфлікт з Радзівіламі, які скончыўся толькі ў пач. 1740-х г. Адначасова Радзівілы былі заняты справамі ў Трыбунале ВКЛ з Пацеямі і Сапегамі наконт выплаты ім грошай за адмову ад правоў на «Н.м.». Быў прызнаны сапраўдным запіс Б.Радзівіла аб перадачы сваіх уладанняў нясвіжскай лініі роду Радзівілаў. Гэта было важным, бо рэйнскі электар адмовіўся выдаць сваю ўнучку замуж за Г.Ф.Радзівіла. Удалося Радзівілам і адцягнуць Сапегаў ад саюзу з пасэсарамі «Н.м.». Аднак на баку апошніх выступілі Чартарыйскія, а крыху пазней і Сапегі. Радзівілы былі вымушаны пайсці на кампраміс і 22.12.1740 заключылі дагавор з Міхалам Антоніем Сапегам аб выплаце застаўшыхся грошай за адмову Сапегаў ад правоў на «Н.м.». У 1743 нечакана свае прэтэнзіі на «Н.м.» аб’явіў прускі кароль Фрыдрых ІІ. Радзівілам удалося 8.7.1743 заключыць з ім дагавор, паводле якога Фрыдрых ІІ за 150 тыс. злотых адмаўляўся ад сваіх правоў на «Н.м.», але пакідаў сабе занятыя раней Сярэі і Таўрогі. У 1749 Радзівілы выплацілі астатнія грошы з сумы 150 тыс. рэйнскіх залатых рэйнскаму электару. 19.6.1751 падпісана канчатковая адмова рэйнскага электара ад прэтэнзіі на «Н.м.».

Літаратура:

Anusik Z., Stroynowski A. Radziwiłłowie w epoce saskiej: Zarys dziejów politycznych i majątkowych // Acta Universitatis Lodziensis. Folia Historica. 1989. T. 33.

Lesiński J. Spory o dobra neuburskie // Miscellanea historico-archivistica. Warszawa, 1996. T. 6.

Kamieński A. Polska a Brandenburgia—Prusy w drugiej połowie XVII wieku: Dzieje polityczne. Poznań, 2002.

Мацук А. Зямельныя ўладанні Радзівілаў у украінскіх, літоўскіх і беларускіх ваяводствах Рэчы Паспалітай у 20—60 гг. XVIII ст. // Беларусь — Украіна: гістарычны вопыт узаемных адносін. Мн., 2003.

Яго ж. Род Радзівілаў ва ўнутрыпалітычным жыцці ВКЛ у 20-ых—пачатку 30-ых гг. XVIII ст. // Вестник Полоцкого гос. ун-та. Гуманит. науки. 2005. № 1.

Яго ж. Радзівілы і справа аб «нойбургскіх ўладаннях» у 1730—1740-я гады // Бел. гіст. часопіс. 2005. № 3.

© Андрэй Мацук, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.