Артыкулы: Сапега Ежы Феліцыян

Сапега Ежы Феліцыян (лют. 1680—3.9.1750) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

З роду Сапегаў. Вучыўся за мяжой. Не ўдзельнічаў у вайне Сапегаў супраць шляхты і таму не падпаў пад антысапегаўскую пастанову, прынятую ў 1700 у Алькеніках. У першыя гады Паўночнай вайны 1700—21 займаў нейтральнае становішча, у 1707 падтрымаў Станіслава Ляшчынскага. У 1708 разам са шведскімі войскамі рушыў пад Гародню, пасля знаходзіўся пры браце Яне Казіміры. Пасля вяртання Аўгуста ІІІ атрымаў амністыю. Удзельнічаў у антыкаралеўскай Віленскай канфедэрацыі 1716, быў абраны палкоўнікам Новагародскага ваяв. У 1720—пач. 1730-х г. прымаў актыўны ўдзел у шэрагах антыкаралеўскай апазіцыі. У час бескаралеўя 1733 займаў чакальную пазіцыю. Беспаспяхова імкнуўся быць абраным новагародскім павятовым палкоўнікам. Не пайшоў, як яго саюзнік М.К.Радзівіл, у шэрагі праціўнікаў Станіслава Ляшчынскага і са сваімі прыхільнікамі з Новагародскага ваяв. прыняў удзел у элекцыі Ляшчынскага. Быў з ім у аблозе ў Гданьску, належаў да яго найбліжэйшых асоб. Па капітуляцыі падпісаў дэкларацыю аб прызнанні каралём Аўгуста ІІІ. Актыўна пераконваў прыхільнікаў Ляшчынскага прызнаць Аўгуста ІІІ. Пасля праяўляў малую паліт. актыўнасць, пільнаваў у інтарэсах Сапегаў вынікі новагародскага сойміка (часта зрываў яго). З 1742 мсціслаўскі ваявода.

Літаратура:

Lisek A. Litwini na sejmie elekcyjnym w 1733 roku // Z dziejów XVII i XVIII wieku. Katowice, 1997;

Macuk A. Szlachta województwa nowogródzkiego wobec Stanisława Leszczyńskiego i Augusta III w 1733 r. // Przegląd Historyczny. 2005. № 1.

© Андрэй Мацук, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.