Артыкулы: Сапега Юзаф Францішак
Сапега Юзаф Францішак (1679—11.4.1744) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ.
З роду Сапегаў. Быў паслом з берасцейскага сойміка на элекцыйны сойм 1697. Пасля вучыўся ва ун-це г. Грац (Аўстрыя), наведаў Баварыю, Францыю, Галандыю, Іспанію, Турцыю. У першыя гады Паўночнай вайны 1700—21 прытрымліваўся нейтралітэта, але ў 1706 канчаткова падтрымаў Станіслава Ляшчынскага, потым Аўгуста ІІ, які ў 1713 надаў яму ўрад надворнага падскарбія ВКЛ. На працягу свайго жыцця беспаспяхова імкнуўся вярнуць пад уладу надворнага падскарбія эканоміі. Адзін з актыўных дзеячаў Віленскай канфедэрацыі 1716, быў адным з 3 паслоў ад канфедэратаў з-пад Ленчнай да Аўгуста ІІ, выбраны кансіліярыюшам ад шляхты Берасцейскага ваяв. У 1720—пач. 1730-х г. у шэрагах антыкаралеўскай апазіцыі ВКЛ. У час бескаралеўя ўцягнуты ў канфлікт са стражнікам ВКЛ А.Пацеем наконт пасады палкоўніка Берасцейскага пав. Гэта прывяло да раздваення сойміка, на адным з іх Юзаф Францішак і быў абраны павятовым палкоўнікам. Выказаўся за кандыдатуру на трон Станіслава Ляшчынскага і беспаспяхова прэтэндаваў на пасаду рэгіментара. Вызначаны Ляшчынскім адным з пленіпатэнтаў для стварэння Генеральнай канфедэрацыі ў Дзікаве. У 1735 удзельнічаў у акцыях атрадаў канфедэратаў на Падоллі, быў пасрэднікам у перапісцы Ляшчынскага з крымскім ханам Каплан-Гірэем. Пасля прызнаў каралём Аўгуста ІІІ, імкнуўся атрымаць сенатарскую пасаду. У апошнія гады жыцця зблізіўся з Радзівіламі, выступаў за прымірэнне з імі іншых Сапегаў.
Літаратура:
Герье В. Борьба за польский престол в 1733 году. М., 1862.
Dygdała J. Konfederacja krakowska Teodora Lubomirskiego z początków bezkrólewia 1733 roku a polityka Austrii wobec Rzeczypospolitej // Trudne stulecie. Warszawa, 1994.
Karkucińska W. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa. Warszawa, 2000.
© Андрэй Мацук, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


