Артыкулы: Агінскі Ігнат
Агінскі Ігнат (1698—сак. 1775) — дзяржаўны дзеяч. Абозны ВКЛ у 1729—44, надворны маршалак ВКЛ у 1744—50, вял. маршалак ВКЛ у 1750—68, віленскі кашталян з 1768.
З роду Агінскіх. Сын віцебскага ваяводы Марціна Агінскага і Тэрэзы з Бжастоўскіх. Упершыню быў паслом на сойм у 1726. На ім быў вызначаны да перагавораў з аўстрыйскім паслом. Разам з інш. Агінскімі прымаў актыўны ўдзел як саюзнікі Сапегаў у барацьбе за «Нойбургскія маёнткі». Дапамагаў пад час рэасумпцыі Трыбунала ВКЛ 1731 правесці выбар трыбунальскім маршалкам сапегаўскага прыхільніка А.Эперыяша. Разам з інш. прадстаўнікамі роду Агінскіх імкнуўся быць выбраным дэпутатам на Трыбунал ВКЛ 1732. Згодна з дамовай з Сапегамі быў абраны дэпутатам на віленскім сойміку. Агінскія і Сапегі планавалі, што трыбунальскім маршалкам будзе абраны бацька А. Маршалкам, аднак, пры дапамозе войск стаў саюзнік Радзівілаў канцлер ВКЛ і генеральны рэгіментар ВКЛ М.Вішнявецкі. Агінскія і Сапегі аспрэчылі яго права быць маршалкам, бо ў адсутнасць гетманаў ён кіраваў войскамі. У выніку дамовіліся скончыць справу «Нойбургскіх маёнткаў» перагаворамі, а маршалкам Трыбунала ВКЛ 1732 нечакана стаў А. Быў паслом на соймы 1729, 1730 і 1733, на якіх паказаў сябе адным з найактыўных дзеячаў антыкаралеўскай апазіцыі і таму быў сярод паслоў, якія зрывалі гэтыя соймы. У час бескаралеўя 1733—36 разам з бацькам і братамі выказаўся ў падтрымку Станіслава Ляшчынскага. Прызнаў каралём Аўгуста ІІІ у 1736. У 1739—40 і 1743—44 знаходзіўся як пасол у Пецярбургу. З канца 1740-х г. звязаны з Радзівіламі. Дапамагаў ім на віцебскім, аршанскім, полацкім, мсціслаўскім сойміках. У пачатку 1750-х г. пачалося супрацоўніцтва А. і з новым кіраўніком пракаралеўскай групоўкі ў Рэчы Паспалітай надворным каронным маршалкам Е.Мнішакам. Актыўна дапамагаў яму ў канфлікце з Чартарыйскімі ў 1752—54. Перамога Агінскага і яго прыхільнікаў на сойміках дала магчымасць К.С.Радзівілу стаць маршалкам Трыбунала ВКЛ 1755. Мнішак, незадаволены Радзівіламі ў 1755—56, разглядаў А. як аднаго з кіраўнікоў новай прыдворнай партыі ў ВКЛ. У час выбараў у наступны Трыбунал ВКЛ А. займаў найбольш радыкальную пазіцыю сярод каралеўскіх прыхільнікаў і Радзівілаў і прытрымліваўся думкі, што лепей Трыбунал ВКЛ не адбудзецца, чым прыхільнік «Фаміліі» падскарбі ВКЛ Е.Флемінг будзе абраны трыбунальскім маршалкам. У 1757 А. парваў з Радзівіламі і пачаў супрацоўнічаць з «Фаміліяй». Амаль да канца панавання Аўгуста ІІІ быў саюзнікам «Фаміліі». У час бескаралеўя 1763—64 актыўна выступаў на баку «Фаміліі» і яе кандыдата на трон Станіслава Панятоўскага. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) перастаў удзельнічаць у палітыцы. Валодаў Бобрам, Бялынічамі, Іўем, Барысаўскім стараствам і інш.
Літаратура:
Konopczyński W. Polska w dobie wojny siedmioletniej. T. 1—2. Warszawa; Kraków, 1909—11.
Skibiński M. Europa a Polska w dobie wojny o suksecje austriacką. Т. 1—2. Kraków, 1912.
Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.
Czeppe М. Działalność agenta hetmańskiego w Dreznie w latach 1752—1756 w świetle raportów Andrzeja Protasowicza do Michała Kazimierza Radziwiłła // Studia historyczne. 1995. Z. 4.
Яе ж. Kamaryla pana z Dukli: Kształtowanie się obozu politycznego Jerzego Augusta Mniszcha, 1750—1763. Warszawa, 1998.
Мацук А.У. Род Радзівілаў ва ўнутрыпалітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага ў 20—пачатку 30-х гадоў XVIII ст. // Вестник ПГУ. Сер. А. Гуманит. науки. 2005. № 1.
© Андрэй Мацук, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне


