Артыкулы: Алендскі Стафан

Алендскі Стафан (1703—71) — дзяржаўны дзеяч. Ваўкавыскі маршалак з 1740, падчашы ВКЛ з 1764, канюшы ВКЛ з 1765.

Паходзіў з кальвінсцкага роду. Яго бацька Багуслаў пасля бітвы пад Алькельнікамі ў 1701 быў прызначаны сканфедэраванай шляхтай генеральным аканомам «Нойбургскіх маёнткаў». Род Алендскіх разбагацеў, трымаючы ў заставе гэтыя маёнткі. Калі новыя ўладары «Нойбургскіх маёнткаў» Радзівілы ў пач. 1730-х г. пачалі выкупляць застаўленыя ўладанні, то на абарону А. стаў яго стрыечны брат Багуслаў Незабытоўскі. А. перайшоў у каталіцтва, што дало яму магчымасць стаць паслом на сойм 1738 і выступаць там супраць Радзівілаў. Аднак Радзівілы ў 1739 выйгралі ў Трыбунале ВКЛ судовыя справы з Незабытоўскім і А. У 1740, пасля сканчэння кантракта аб заставе, падчашы ВКЛ Г.Ф.Радзівіл з дапамогай зброі вярнуў сабе маёнткі Стажынкі і Рудзіцы. Некалькі павятовых соймікаў у 1740 уключылі ў інструкцыі сваім паслам пункты ў падтрымку А. і іншых пасэсараў «Нойбургскіх маёнткаў». На сойме 1740 Радзівілы пад пагрозай соймавага суда і пад ціскам каралеўскага двара пагадзіліся на перагаворы з А. пры пасрэдніцтве падканцлера ВКЛ М.Чартарыйскага. У выніку Радзівіламі ў 1741 была працягнута застава Стажынак. У 1744 і 1748 А. спрабаваў вярнуць грошы, пазычаныя яго бацькам рэйнскаму электару Карлу Філіпу як уладальніку «Нойбургскіх маёнткаў». У 1745 беспаспяхова дамагаўся праз суд вярнуць пазыкі ад Радзівіла. На соймах 1748, 1752 і 1761 А. падтрымаў праграму Чартарыйскіх рэфармавання дзярж. ладу. Пад час бескаралеўя 1763—64 А. быў адным з актыўных прыхільнікаў абрання на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 6.2.1764 А. абраны маршалкам канфедэрацыі Ваўкавыскага пав. У 1765 адным з першых атрымаў ордэн св. Станіслава. З 1765 член Скарбовай камісіі ВКЛ. Па жаданне караля разам са Скарбовай камісіяй далучыўся да канфедэрацыі С.Бжастоўскага, але абараняў рэформы, прынятыя з 1764.

Літаратура:

Zielińska T. Kariera i upadek żydowskiego potentata w dobrach radziwiłłowskich w XVIII wieku // Kwartalnik Historyczny. 1991. №3.

Lesiński J. Spory o dobra neuburskie // Miscellanea Historico-Archivistica. Warszawa, 1996. T. 6.

Palkij H. Sejmy 1736 i 1738 roku: U początków nowej sytuacji politycznej w Rzeczypospolitej. Kraków, 2000.

Мацук А. Радзівілы і справа аб «нойбургскіх уладаннях» (1730—1740-я гады) // Бел. гіст. часопіс. 2005. № 3.

Яго ж. Рух пасэсараў «нойбургскіх уладанняў» // Гeральд Litherland. 2007. № 17.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.