Артыкулы: Аскерка Гервазі Людвік
Аскерка Гервазі Людвік (1700—71) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Мазырскі гродскі стараста з 1724, чашнік ВКЛ з 1748, рэферэндар ВКЛ з 1764; пасол на соймы 1724, 1726, 1733 (надзвычайны), 1733 (канвакацыйны), 1740, 1744, 1746, 1748, 1750, 1752 1760, 1764, 1766.
Паходзіў з роду Аскеркаў, сын Антонія Аскеркі і Сафіі з Календаў, брат Рафала Алаізія Аскеркі. У 1733 абраны палкоўнікам Мазырскага пав. і разам з ім падпісаў выбар каралём Станіслава Ляшчынскага. Прымаў актыўны ўдзел у барацьбе пасэсараў «нойбургскіх уладанняў» супраць Радзівілаў. У 1737 абраны дэпутатам і быў кандыдатам на ўрад маршалка Трыбунала ВКЛ, але стаў маршалкам Скарбовага трыбунала. З пачатку 1740-х г. супрацоўнічаў з Сапегамі і Чартарыйскімі. Разам з ковенскім гродскім старастам Шыманам Сіруцем дапамог Сапегам атрымаць большасць на рускай кадэнцыі Трыбунала ВКЛ 1742. Перад Трыбуналам ВКЛ 1743 А. лічыўся супольным кандыдатам Чартарыйскіх і Сапег на пасаду трыбунальскага маршалка. Дапамог лоўчаму ВКЛ Міхалу Антонію Сапезе быць абраным дэпутатам у Мазыры і стаць трыбунальскім маршалкам. У канцы жн. 1743 Чартарыйскія перад магчымасцю стварэння антыкаралеўскага рокаша ў ВКЛ сабралі на нараду ў Воўчыне сваіх прыхільнікаў, сярод якіх быў А. У 1747 разглядаўся як магчымы кандыдат на пасаду маршалка Трыбунала ВКЛ 1748. Карыстаўся нават падтрымкай непрыхільных яму Радзівілаў, але адмовіўся дамагацца пасады. Падтрымліваў праграму Чартарыйскіх па рэформе дзярж. ладу. Сярод іх прыхільнікаў знаходзіўся і пасля разрыву Чартарыйскіх з каралеўскім дваром. У маі 1764 быў паслом Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ у Пецярбург для забеспячэння рас. падтрымкі Чартарыйскім і іх кандыдату на трон Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. У 1768 выступаў супраць запрашэння рас. войск супраць Барскай канфедэрацыі.
Літаратура:
Konopczyński W. Polska w dobie wojny siedmioletniej. T. 1—2. Warszawa; Kraków, 1909—11.
Skibiński M. Europa a Polska w dobie wojny o suksecje austriacką. Т. 1—2. Kraków, 1912.
Zielińska Z. Walka «Familii» o reforme Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.
Matuszewicz M. Diariusz życia mego. T. 1. Warszawa, 1996.
© Андрэй Мацук, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


