Артыкулы: Вішнявецкі Міхал Сервацы

Вішнявецкі Міхал Сервацы (13.5.1680—16.9.1744) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Польны гетман ВКЛ з 1702, вял. гетман ВКЛ з 1703 з надання Аўгуста ІІ, віленскі ваявода з 1706 з надання Аўгуста ІІ, польны гетман ВКЛ і віленскі кашталян з 1707 з надання Станіслава Ляшчынскага, канцлер ВКЛ з 1720, віленскі ваявода і вял. гетман ВКЛ з 1735.

З роду князёў Вішнявецкіх, сын Канстанціна Вішнявецкага і Ганны з Хадароўскіх. Бацька В. памёр, калі яму было 6 год, і далейшае выхаванне адбывалася пад кіраўніцтвам айчыма Яна Караля Дольскага. Скончыў езуіцкі калегіум у Львове. У 1695 айчым памёр, і маці, каб захаваць маёнткі Дольскіх, ажаніла 15-гадовага В. з дачкой Дольскага ад 1-га шлюбу Кацярынай. Адразу пасля жаніцьбы В. выехаў на гадавое навучанне ў вайсковую школу ў Парыжы. Пад час выбараў караля на элекцыйным сойме 1697 галасаваў за перамогшага Аўгуста ІІ. З 1698 прымаў актыўны ўдзел у барацьбе супраць Сапег у шэрагах рэспубліканцаў. 25.4.1700 у Вільні сапегаўскія жаўнеры напалі на карэту В. і яго брата Януша, у выніку яны абодва былі паранены. В. камандаваў сіламі рэспубліканцаў у пераможнай над Сапегамі Алькеніцкай бітве 1700. За гэта шляхта надала яму на 2 гады ўрад генеральнага палкоўніка ВКЛ разам з камандаваннем над войскам ВКЛ і значнай часткай сапегаўскіх уладанняў. Пасля пачатку Паўночнай вайны 170—21 Аўгуст ІІ пакінуў В. кіраўніком войска ВКЛ. 17.1.1702 пасля смерці Юзафа Слушкі В. прызначаны польным гетманам ВКЛ. У сак. 1702 узначальваў войскі ВКЛ, якія спрабавалі перашкодзіць руху шведскіх войск і 24.3.1702 пад Дарсунішкамі атрымаў перамогу над шведскім атрадам палкоўніка Гумерхельма. Быў вымушаны адступіць перад асн. сіламі Карла ХІІ і пакінуць Вільню. Адзін з ініцыятараў склікання ў сак. 1703 г. з’езда рэспубліканцаў у Вільні, які ператвораны ў Генеральную канфедэрацыю прыхільнікаў Аўгуста ІІ. Як адданы каралеўскі прыхільнік быў абраны маршалкам сойма 1703. Яго рашучая дзейнасць на сойме на карысць Аўгуста ІІ прывяла да перамогі пракаралеўскай групоўкі і выклікала радыкалізацыю антыкаралеўскай апазіцыі. На працягу 1703 з пераменным поспехам імкнуўся перашкодзіць дзеянням шведскіх войск у Польшчы. 26.11.1703 у падзяку ад Аўгуста ІІ атрымаў урад вял. гетмана ВКЛ. Гэта ўзмацніла канфлікт В. з інш. лідэрам рэспубліканцаў Рыгорам Агінскім. У снеж. 1703 адзін з нешматлікіх падтрымаў тайную дамову Аўгуста ІІ з рас. царом Пятром І. Надалей кіраваў войскамі прыхільнікаў Аўгуста ІІ у ВКЛ. 5.8.1704 пад Крыжбаркам разам з Агінскім і рас. атрадамі пацярпеў паражэнне ад шведска-сапегаўскіх войск пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛ Казіміра Яна Сапегі. 1.11.1704 В. ўзяў рэванш у бітве з сапегаўскімі атрадамі пад Шкудамі. Аднак перавага шведаў рабілася ўсё больш яўнай, і прашведскім каралём Рэчы Паспалітай стаў родзіч В. Станіслаў Ляшчынскі. З 1705 В. праводзіў перагаворы з Ляшчынскім аб пераходзе на яго бок. У 1706 пацярпеў некалькі значных паражэнняў ад шведскіх войск і пакінуў Вільню. У маі-чэрв. 1706 да ўрада вял. гетмана ВКЛ атрымаў ад Аўгуста ІІ урад віленскага ваяводы. Пасля адмовы Аўгуста ІІ ад кароны Рэчы Паспалітай разглядаўся Пятром І як адзін з кандыдатаў на трон. В. не паддаўся на спакуслівую прапанову і ў чэрв. 1707 перайшоў на бок Станіслава Ляшчынскага. Ад яго атрымаў урады польнага гетмана ВКЛ і віленскага кашталяна. Вёў паспяховыя ваенныя дзеянні супраць атрадаў Сандамірскай канфедэрацыі на чале з Агінскага. Пасля Палтаўскай бітвы 1709 В. спрабаваў дамовіцца з Пятром І пра пераход на бок пераможцаў. Пётр І не пагадзіўся, і рас. атрад раптоўна захапіў В. ў палон. Больш за год В. ўтрымліваўся ў Глухаве. Пётр І адмаўляўся выдаць яго Рэчы Паспалітай і нават меркаваў судзіць В., але таму 13.12.1710 удалося ўцячы. Беспаспяхова намагаўся арганізаваць атрады ў Прусіі, потым выехаў у Венгрыю, адкуль у 1712 накіраваўся ў Бендэры да Карла ХІІ. У 1713 атрымаў амністыю ад Аўгуста ІІ, але не скарыстаўся з яе і ў пач. 1714 беспаспяхова спрабаваў арганізаваць на Украіне антыкаралеўскую канфедэрацыю. У лют. 1714 зноў выехаў за мяжу ў Вроцлаў. Вярнуўся ў 1716, атрымаўшы амністыю ад Аўгуста ІІ. Надалей знаходзіўся сярод каралеўскіх прыхільнікаў і 10.2.1720 атрымаў урад канцлера ВКЛ. Маршалак Трыбунала ВКЛ 1721. Пасля смерці вял. гетмана ВКЛ Людвіка Пацея 12.1.1730 прызначаны кіраваць войскам ВКЛ, атрымаўшы ўрад генеральнага рэгіментара. Пад час бескаралеўя 1733 адмовіўся ад рас. прапаноў прэтэндаваць на карону Рэчы Паспалітай. У той жа час не быў супраць кандыдатуры «пяста», якім мог стаць яго брат Януш. Пад час элекцыйнага сойма 1733 адмовіўся падтрымаць Ляшчынскага і ў абарону «вольнага выбару» пакінуў Варшаву. З-за канфлікта з кракаўскім ваяводам Тэадорам Любамірскім далучыўся да канфедэрацыі праціўнікай Ляшчынскага ўжо пасля яе стварэння. Прымаў удзел у выбранні імі 5.10.1733 каралём Рэчы Паспалітай саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста. На працягу 1734—35 быў кіраўніком войск яго прыхільнікаў у ВКЛ. 26.11.1735 атрымаў урад вял. гетмана ВКЛ. У канцы 1730-х г. фактычна кіраваў пракаралеўскай групоўкай Радзівілаў у ВКЛ. Пад час сапегаўска-радзівілаўскай барацьбы ў Трыбуналах ВКЛ у 1741—43 больш сваіх родзічаў Радзівілаў схіляўся да кампрамісу з Сапегамі. Імкнуўся не ўступаць у канфлікт з жаданнямі каралеўскага двара. Таму, як віленскі ваявода, фактычна дазволіў, каб трыбунальскімі маршалкамі станавіліся лідэры Сапегаў: у 1741 г. — мсціслаўскі ваявода Міхал Масальскі, а ў 1743 — лоўчы ВКЛ Міхал Антоні Сапега. В. праявіў сябе і як пісьменік, бібліяфіл і мецэнат. Пасля смерці 1-й жонкі ў 1725 ажаніўся з Магдаленай Чартарыйскай, пасля яе смерці (1728) — з удавой Якуба Флемінга Тэкляй з Радзівілаў (1730).

Літаратура:

Zielińska Z. Walka «Familii» o reforme Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.

Sliesoriūnas F. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė 1733—1736 metų tarpuvaldžiu // Lietuvos valstybė XII—XVIII a, Vilnius, 1997.

Яго ж. Georgo von Lieweno misija Lietuvoje 1733 m. pavasarį: Rusijos bandymas iškelti jai priimtino «Piasto» kandidatūrą į Lenkijos ir Lietuvos valdovo sostą priešpaskutinio tarpuvaldžio metu // Istorijos akiračiai. Vilnius, 2004.

Palkij H. Praca komisji aukcji wojska w latach 1736—1738 // Kwartalnik Historyczny. 1999. Z. 1.

Яго ж. Sejmy 1736 i 1738 roku: U początków nowej sytuacji politycznej w Rzeczypospolitej. Kraków, 2000.

Мацук А. Род Радзівілаў ва ўнутрапалітычным жыцці ВКЛ у 20-ых—пачатку 30-ых гг. XVIII ст. // Вестник Полоцкого государственного университета. Гуманитарные науки. 2005. №1.

Яго ж. Радзівілы і справа аб «нойбургскіх ўладаннях» у 1730—1740-я гады //Бел. гіст. часопіс. 2005. №3.

Czamańska I. Wiśniowieccy: Monografia rodu. Poznań, 2007.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.