Артыкулы: Пацей Антоні

Пацей Антоні (?—16.2.1749) — дзяржаўны дзеяч. Абозны ВКЛ з 1715, стражнік ВКЛ з 1729.

З роду Пацеяў, сын Казіміра Аляксандра Пацея і Ганны Тэрэзы з Летаў-Форбекаў, брат Аляксандра Пацея. Адукацыю атрымаў пад апекай дзядзькі Людвіка Канстанцыя Пацея. Пасол на соймы 1720, 1724 і 1726. Пад час бескаралеўя з 1733 праводзіў актыўныя перагаворы адначасова з французскім і саксонскім пасламі. Намагаўся атрымаць урад польнага гетмана ВКЛ. Быў абраны палкоўнікам адной з частак падзяліўшайся шляхты Берасцейскага ваяв. Канчаткова падтрымаў кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага за фінансавую дапамогу і абяцанне ўраду польнага гетмана ВКЛ. Станіслаў Ляшчынскі прызначыў Антонія Пацея генеральным рэгіментаром ВКЛ замест Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Большасць гусарскіх і пяцігорскіх харугваў, некаторыя рэгіменты пяхоты і драгун, а таксама артылерыя, полк пярэдняй каралеўскай стражы і маршалкоўская харугва прызнала ўладу Станіслава Ляшчынскага і перайшла пад камандаванне Антонія Пацея. У кастр. 1733 атакаваў камунікацыі рас. войск і прыхільнікаў Аўгуста ІІІ. Сабраў каля Сімна каля 8 тыс. войска. З ім рушыў у Новагародскае ваяв. для забеспячэння войск з уладанняў саксонскіх прыхільнікаў Радзівілаў. У студз. 1734 з усімі сваімі войскамі рушыў пад Вільню, але не прыняў удзел ў Віленскай бітве 1734, назіраючы за ёй з боку. Праявіў слабыя ваенныя здольнасці. Пасля капітуляцыі Гданьска ў жн. 1734 П. схіляўся да прызнання каралём Аўгуста ІІІ і звярнуўся з такой прапановай да Мікалая Фаўстына Радзівіла. Перагаворы былі перарваны, калі Пацей на чале сваёй кавалерыі рушыў да прускай мяжы на падставе памылковых звестак, што Станіслаў Ляшчынскі мяркуе з Караляўца прыбыць у Рэч Паспалітую і таму патрабуюцца войскі для яго абароны. Пасля вяртання са сваімі войскамі доўгі час знаходзіўся каля Берасця. У студз. 1735 з Берасця праз Новагародак накіраваўся да Радашковіч, а адтуль да Вільні, якую абыйшоў з Пд і рушыў да Пунь. Быў вымушаны адступіць перад пераўзыходзячымі сіламі рас. генерала Л.В.Ізмайлава і Радзівіла да Кальварыі, а потым да Сідры і Ліпска, дзе аб’яднаўся з атрадамі Міхала Патоцкага, якія прыбылі з Валыні. Адтуль аб’яднаныя сілы П. і Патоцкага праз Аўгустоўскую пушчу пайшлі пад Сейн. Тут былі нагнаны рас. атрадам маёра Азямблоўскага. 10.10.1735 пад Бортнікамі адбылася бітва войск П. з атрадам Азямблоўскага. Войскам П. ўдалося адбіць 1-ю атаку і рас. войскі былі вымушаны адступіць. Акружаны з усіх бакоў атрад П. праз Прусію адступіў у Вармію. У маі 1735 П. выехаў у Каралявец. У 1736 прызнаў каралём Аўгуста ІІІ. У 1736 сярод удзельнікаў новаўтворанай рас. партыі. У 1737 актыўна ўключыўся ў барацьбу супраць Радзівілаў за «Нойбурскія маёнткі». Пасля паражэння ў Трыбунале ВКЛ выплочваў грошы, якія яму перадалі Сапегі за «Нойбургскія маёнткі». У 1740-х г. фактычна перастаў удзельнічаць у грамадска-паліт. жыцці.

Літаратура:

Бутурлин Д. Военная история походов россиян в XVIII столетии. С.-Петербург, 1823. Ч. 3.

Truchim S. Konfederacja dzikowska. Poznań, 1921.

Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла Ваяводы Віленскага, Гетмана Вялікага В. К. Літ. // Спадчына. 1995. № 2.

Matuszewicz M. Diariusz życia mego. T. 1. Warszawa, 1996.

Slesoriūnas F. The General Confederation of the Grand Duchy of Lithuania (1734—1736) // Lithuanian Historical Studies. 2003. Vol. 8.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.