Артыкулы: Пацей Людвік

Пацей Людвік (1726—пач. 1771) — дзяржаўны дзеяч. Абозны ВКЛ з 1744, стражнік ВКЛ з 1748.

З роду Пацеяў, сын Аляксандра Пацея і Тэрэзы з Войнаў. Вучыўся ў Віленскім піярскім калегіуме х піяраў і «Калегіум Нобіліум». У 1742 бацька П. атрымаў урад троцкага ваяводы і мусіў адмовіцца ад урада ковенскага гродскага старасты, які імкнуўся перадаць Людвіку. Адначасова прывілей на Ковенскае стараства атрымаў Шыман Сіруць, які апярэдзіў П. і заняў урад. Спробы П. ў 1743 аспрэчыць заняцця ўрада ковенскага старасты Сіруцем плёну не далі. Пасол на соймы 1744, 1748, 1750, 1752, 1754, 1756, 1761, 1762. Займаў нейтральную пазіцыю ў барацьбе Чартарыйскіх з Радзівіламі, але потым схіліўся на бок апошніх. У 1753 Міхал Казімір Радзівіл і каралеўскі двор намагаліся, каб П. ці яго бацька стаў маршалкам Трыбунала ВКЛ, але тыя адмовіліся. П. быў кандыдатам Радзівілаў на ўрад маршалка Трыбунала ВКЛ 1756, але адмовіўся на карысць Антонія Паца. У інтарэсах магнацкай групоўкі Радзівілаў дзейнічаў на дэпутацкіх і пасольскіх сойміках у 1756—58. У 1757 разам з сваім бацькам разглядаўся як магчымы кандыдат каралеўскага двара на ўрад маршалка Трыбунала ВКЛ, што павінна было сцішыць барацьбу Радзівілаў і Чартарыйскіх. У 1758 ад імя Радзівілаў П. праводзіў перагаворы з падканцлерам ВКЛ Міхалам Антоніем Сапегам наконт супольнага плана выбараў на дэпутацкіх сойміках. Пад час Трыбунала ВКЛ 1758 па загаду Радзівіла П. дамогся, каб урадаў пісара рус. кадэнцыі і маршалка Скарбовага трыбунала часова былі пазбаўлены прыхільнікі «Фаміліі» Людвік Шэмет і Марцін Алізаровіч. У 1760 зноў разглядаўся як магчымы кандыдат на ўрад трыбунальскага маршалка. У 1760 пад час хваробы Радзівіла П. узначаліў групоўку Радзівілаў на рэасумпцыі Трыбунала ВКЛ, аднак перамогу атрымалі Чартарыйскія. У 1760, пасля смерці Міхала Антонія Сапегі, намагаўся атрымаць урад падканцлера ВКЛ. Дзякуючы падтрымцы Радзівіла большасць пасольскіх соймікаў ВКЛ рэкамендавала П. на ўрад падканцлера ВКЛ. Каралеўскі двор імкнуўся перадаць гэты ўрад мсціслаўскаму ваяводзе Людвіку Плятэру і нікому не надаў падканцлерства ВКЛ. П. парваў з каралеўскім дваром і Радзівіламі і перайшоў на бок Чартарыйскіх. На сойме 1762 падтрымаў атаку «Фаміліі» ў справе фальсіфікацыі шляхецтва першага саксонскага міністра Генрыха Бруля. Актыўна супрацоўнічаў са стольнікам ВКЛ Станіславам Панятоўскім і падтрымаў яго кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай. Быў паслом на канвакацыйны і элекцыйны соймы 1764. У 1767 зблізіўся з Каралём Станіславам Радзівілам і быў адным з актыўных удзельнікаў стварэння падтрыманай Расіяй Радамскай канфедэрацыі. Адзін з гал. прыхільнікаў Расіі. Быў вызначаны гал. дэлегатам у Расію. Пасля вяртання ў 1768 у Рэч Паспалітую адначасова супрацоўнічаў і з прарасійскай групоўкай і з барскімі канфедэратамі.

Літаратура:

Konopczyński W. Polska w dobie wojny siedmioletniej. T. 1—2. Warszawa; Kraków, 1909—11.

Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.

Czeppe M. Kamaryla Pana z Dukli: Kształtowanie się obozu politycznego Jerzego Augusta Mniszcha 1750—1763. Warszawa, 1998.

Мацук А. Паслы ад Вялікага княства Літоўскага на сойм Рэчы Паспалітай 1761 г. // Парламенцкія структуры ўлады ў сістэме дзяржаўнага кіравання Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у XV—XVIII стагоддзях. Мінск, 2008.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.