Артыкулы: Радзівіл Барбара

Радзівіл Барбара (3.12.1690—15.2.1770) — грамадская дзеячка.

З роду Завішаў, дачка менскага ваяводы Крыштофа Завішы і Тэрэзы з Тышкевічаў. У ліп. 1710 выйшла замуж за Мікалая Фаўстына Радзівіла. Пад час бескаралеўя, у 1733, стала адной з ініцыятараў стварэння канфедэрацыі Новагародскага ваяв., скіраванай супраць кандыдата на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У гэтай справе падтрымлівала шчыльныя кантакты з рас. прадстаўнікамі ў ВКЛ Францішкам Дарэўскім і Юрыем Лівенам. У 1736 ездзіла ў С.-Пецярбург, была вельмі прыхільна прынята на царскім двары. У пач. 1740-х г. уступіла ў канфлікт з нясвіжскай лініяй роду Радзівілаў у справе спадчынных правоў на маёнтак Беліца (Лідскі пав.). Прымусіла нясвіжскіх Радзівілаў пайсці на саступкі. Была адным з найбольш палітычна актыўных прадстаўнікоў групоўкі Радзівілаў. Сачыла за абраннем прыхільных Радзівілам паслоў і дэпутатаў на Новагародскім, Слонімскім, Ваўкавыскім, Гарадзенскім і Лідскім сойміках.

Літаратура:

Zielińska T. Więż rodowa domu radzwiłłowskiego w świetle diariusza Michała Kazimierza Radzwiłła «Rybeńki» // Miscellanea historico-archivistica. Warszawa; Łódź, 1989. Т. 3.

Lisek A. Litwini na sejmie elekcyjnym w 1733 roku // Z dziejów XVII i XVIII wieku. Katowice, 1997.

Яго ж. Postawa Radziwiłłów w okresie przedostatniego bezkrólewia i w pierwszych miesiącach wojny domowej (1733—1734) // Radziwiłłowie: Obrazy literackie. Biografie. Świadectwa historyczne. Lublin, 2003.

Мацук А. Радзівілы і справа аб «нойбургскіх уладаннях» (1730—1740-я гады) // Бел. гіст. часопіс. 2005. № 3.

Яго ж. Szlachta województwa nowogródzkiego wobec Stanisława Leszczyńskiego i Augusta II w 1733 r. // Przegląd Historyczny. 2005. № 1.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.