Артыкулы: Храптовіч Караль

Храптовіч Караль (?—1801) — дзяржаўны дзеяч. Гарадзенскі земскі пісар (1746), польны стражнік ВКЛ (1759), надворны харужы ВКЛ (1781), гарадзенскі гродскі стараста (1786).

З роду Храптовчічаў, сын Якуба Храптовіча і Тэадоры з Тымінскіх. У маладосці ў 1740 служыў у прускім войску. Быў гарадзенскім дэпутатам на Трыбунал ВКЛ 1743. Падтрымліваў Чартарыйскіх і быў сярод кліентаў падскарбія ВКЛ Ежы Флемінга. У 1748—52 гарадзенскі віцэ-аканом. У 1750 абраны гарадзенскім дэпутатам на Трыбунал ВКЛ і пры падтрымцы Флемінга насуперак інш. лідэру «фаміліі» Міхалу Антонію Сапезе абраны пісарам рус. кадэнцыі. Быў прыхільнікам Чартарыйскіх і пасля іх разрыву з каралеўскім дваром. Прыбыў на чале 700 шляхціцаў з Гарадзенскага пав. на рэасумпцыю Трыбунала ВКЛ 1756 для падтрымкі абрання на пасаду трыбунальскага маршалка кандыдата Флемінга. У 1760 вызначаны Гарадзенскім гаспадарскім соймікам паслом да караля ў справе заступніцтва падчашага ВКЛ Яна Масальскага перад судом вял. гетмана ВКЛ Міхаіла Казіміра Радзівіла. Пад час дэпутацкіх соймікаў 1761 перайшоў на бок Радзівілаў. Абраны гарадзенскім паслом на сойм 1761. Пад час бескаралеўя 1763—64 схаваўся ад Чартарыйскіх у Караляўцы. У 1767 абраны маршалкам канфедэрацыі Гарадзенскага павета. Выступаў супраць ураўнавання правоў дысідэнтаў з правамі католікаў і выдаў на сойме 1768 маніфест супраць гэтага. Быў вымушаны ўцячы за мяжу. Перадаў жалабы шляхты Рэчы Паспалітай папе рымскаму. Удзельнічаў у Барскай канфедэрацыі. У 1772 з Каралём Станіславам Радзівілам зноў уцёк за мяжу. Да 1774 жыў у Баварыі, Венецыі. Падтрымаў паўстанне 1794.

Літаратура:

Konopczyński W. Polska w dobie wojny siedmioletniej. T. 1—2. Warszawa; Kraków, 1909—11.

Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.

Czeppe M. Kamaryla Pana z Dukli: Kształtowanie się obozu politycznego Jerzego Augusta Mniszcha 1750—1763. Warszawa, 1998.

Ryżewski G. Ród Chreptowiczów herbu Odrowąż. Kraków, 2006.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.