Артыкулы: Храптовіч Ян

Храптовіч Ян (21.2.1703—17.4.1766) — дзяржаўны дзеяч. Стольнік новагародскі (1731), кашталян берасцейскі (1752), новагародскі (1756).

З роду Храптовчічаў, сын Міхала Храптовіча і Феліцыяны з Керсноўскіх. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Быў новагародскім дэпутатам на Трыбунал ВКЛ 1728. Пад час бескаралеўя абраны новагародскім паслом на канвакацыйны сойм 1733, дзе падпісаў акт канфедэрацыі аб выбары на трон толькі «паляка і каталіка», але з засцярогай, што канчатковае рашэнне адкладае на разглядновагародскай шляхты. Яго выступленне на новагародскім перадэлекцыйным сойміку аб парушэннях права на канвакацыйным сойміку стала адным з довадаў адмовы новагародскай шляхты складання прысягі згодна акту канфедэрацыі. Разам з канфедэрацыяй Новагародскага ваяв. 5.10.1733 каля Варшавы ўдзельнічаў у абранні каралём Аўгуста ІІІ. Ужо ў лют. 1734 далучыўся да новагародскай канфедэрацыі прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага і быў вызначаны паслом да Марціна Агінскага і Антонія Пацея. Пад час пасольства дзякаваў ім за стварэнне канфедэрацыі ў абарону Станіслава Ляшчынскага і абяцаў, што мясцовая шляхта будзе змагацца за яго да «апошняй кроплі крыві». У 1738 Х. абраны камісарам з Троцкага ваяв. ў Камісію ВКЛ па вызначэнні падаткаў. У 1739 абраны троцкім дэпутатам на Трыбунал ВКЛ 1739. Разглядаўся Радзівіламі як магчымы кандыдат на пасаду трыбунальскага маршалка, але адмовіўся. Са згоды Радзівілаў і Сапегаў абраны пісарам віленскай кадэнцыі Трыбунала ВКЛ. Імкнуўся атрымаць урад троцкага падваяводы. Быў паслом на соймы 1744, 1748, 1750, 1752. Нягледзячы на просьбы магнатаў, адмовіўся ад намаганняў атрымаць пасады дэпутата і маршалка Трыбунала ВКЛ 1748. У рэчышчы праграмы Чартарыйскіх у 1754 падтрымаў падзел Астрожскай ардынацыі. Быў кандыдатам Чартарыйскіх на пасаду маршалка Трыбунала ВКЛ 1758, але з-за супраціву Радзівіла не рашыўся клапаціцца аб пасадзе дэпутата. На сойме 1758 вызначаны супольным кандыдатам магнатаў і каралеўскага двара на пасаду маршалка Трыбунала ВКЛ 1759, але з-за хваробы не здолеў стаць дэпутатам. У 1764 пад час бескаралеўя падтрымліваў Чартарыйскіх і стараўся наладзіць іх супрацоўніцтва з Радзівіламі.

Літаратура:

Konopczyński W. Polska w dobie wojny siedmioletniej. T. 1—2. Warszawa; Kraków, 1909—11.

Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.

Ryżewski G. Ród Chreptowiczów herbu Odrowąż. Kraków, 2006.

Мацук А.У. Унутрыпалітычная сітуацыя ў Вялікім княстве Літоўскім у 1739 г. // Памяць стагоддзяў на карце Айчыны. Мн., 2007.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.