Артыкулы: Віленскі прывілей 1565

Віленскіпрывілей 1565 — нарматыўны прававы акт, які стварыў інстытут перадсоймавых соймікаў.

Выдадзены вял. князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам 30.12.1565 на Віленскім сойме 1565—66 па просьбе шляхты.

Соймікі павінны былі збірацца ў ваяводствах і паветах перад вальным соймам, мелі права абмяркоўваць справы соймаў, выбіраць павятовых паслоў і даваць ім інструкцыі. Разам з арт. 5, 6 і 12 раздзела 3 Статута ВКЛ 1566 прывілей аформіў дэ-юрэ інстытут вальнага сойма з вызначанай сістэмай прадстаўніцтва. У тэксце прывілея яшчэ не сустракаецца тэрмін «соймик», замест яго ўжываюцца словазлучэнні «соймы малые», «соймы поветовые», «съезды поветовые», хоць у просьбе шляхты ўжыты менавіта тэрмін «соймік». Прывілей не вызначаў пэўную арганізацыю сойміка і абмежаваўся сцвярджэннем, што соймікі маюць адбывацца «тым же прикладом и порядком, яко на таких соймех поветовых справа, поступок и обычай заховывается в панстве нашом Коруне Польской». Вызначалася, аднак, што соймікі павінны збірацца «в тых же поветех на местцах головнейших». У Статуце ВКЛ 1566 адзначалася, што элекцыйныя з’езды павінны адбывацца ў замку ці гаспадарскім двары, «которий на посродку того повету будеть» (з чаго вынікае, што гэты замак ці двор не абавязкова павінен быць адм. цэнтрам павета ці ваяводства). Прывілей даў права ўдзелу ў сойміках «всим обывателем… всим паном радам нашим, князем, паном врядником земским и дворным, и всим станом народу шляхетского и стану рыцерского, где хто в котором повете оселость мает», аднак дакладна не вызначыў поўны склад удзельнікаў сойміка. Як адзначаецца ў навук. л-ры, удзельнічаць у працы сойміка мелі права асобы хрысціянскага веравызнання, якія карысталіся суверэннымі правамі на сваіх землях пад сюзерэнітэтам вял. князя.

Публикацыі:

Акты, относящиеся к истории Западной России. СПб., 1848. Т. 3. С. 138—139.

Літаратура:

Якубовский И.В. Земские привилеи Великого княжества Литовского // Журн. Мин-ва нар. просвещения. 1903. № 4;

Лаппо И.И. Великое Княжество Литовское во второй половине XVI столетия: Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911;

Zakrzewski A.B. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI—XVIII w. Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000;

Rachuba A.Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002.

© Андрэй Радаман, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.