Артыкулы: «Мемарыял Вітаўта»

«Мемарыял Вітаўта» — наратыўная крыніца па гісторыі ВКЛ 1341—1389, у якой аповед вядзецца ад імя князя Вітаўта Кейстутавіча.

Твор быў запісаны на нямецкай мове, верагодна, у 1390 са слоў Вітаўта падчас яго 2-х уцёкаў у Прусію. Рэдакцыя са зборніка A.228 Кенігсбергскага таемнага архіву пад арыгінальным загалоўкам «Dis ist Witoldes sache wedir Jagaln vnd Skargaln» надрукавана Т.Гіршам у 1863. 1-я частка «Мемарыяла» ахоплівае падзеі ад смерці Гедзіміна, змовы Альгерда і Кейстута супраць вял. князя літоўскага Яўнута да забойства Кейстута і Біруты, захопленых Ягайлам, і 1-х уцёкаў Вітаўта ў Прусію ў 1382. Тэматычна гэты фрагмент вельмі блізкі да 1-й часткі «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» і, па сутнасці, з’яўляецца яе скарочанай рэдакцыяй. 2-я частка «Мемарыяла» ўтрымлівае унікальны матэрыял за 1384—89. Яна пачынаецца з аповеду, як Ягайла абяцаннямі выманіў Вітаўта з Прусіі і далей пачаў чыніць яму «вялікія несправядлівасці": не вярнуў яму вотчыну Кейстута (Троцкую зямлю), якую потым перадаў Скіргайле, вымусіў перахрысціцца з каталіцтва ў «рускую веру», не даў прывілея на трыманне Валыні, катаваў баяр Вітаўта, а яго самога трымаў як нявольніка, адбіраў вотчыны ў бліжэйшых сваякоў і прыхільнікаў Вітаўта, у т.л. ў Таўцівіла Кейстутавіча і гальшанскага князя Івана Альгімантавіча. Згадваецца, як Ягайла крывадушна абяцаў Івану Альгімантавічу ніколі не забіраць у яго вотчыну, за што той перадаў Ягайле залаты пояс. Магчыма, гэта самая ранняя згадка пра адзін з 2 сярэбраных пазалочаных паясоў, знойдзеных у пач. 1990-х г. каля в. Літва Маладзечанскага р-на і вядомых цяпер пад умоўнай назвай «паясы Вітаўта».

Літаратура:

Ein Bericht Herzog Witowds von Littauen // Scriptores rerum Prussicarum. Leipzig, 1863. Bd. 2;

Ліцкевіч А. «Мемарыял Вітаўта» — першая хроніка Вялікага княства Літоўскага // Бел. думка. 2009. № 2.

© Алег Ліцкевіч, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.