Артыкулы: Кройц Людвік
Кройц Людвік (Kreutz Ludwik) (?—да 1773) — каморнік, эканаміст.
Каморнік Яго Каралеўскай Міласці, у красавіку 1765 прызначаны генеральным мернікам у сталовых маёнтках ВКЛ.
У 1765 праводзіў рэвізію у Берасцейскай, Кобрынскай і Шаўліскай эканоміях. У 1765 прадставіў на разгляд Скарбовай камісіі ВКЛ план рэфармавання Берасцейскай і Кобрынскай эканомій, у выніку рэалізацыі якога даход павінен быў павысіцца з 135 000 тымфаў да 324 383 тымфаў. У аснове плана ляжала адмена натуральных павіннасцей, якія замяняліся на грашовы чынш, пры гэтым зямля скарбовых фальваркаў раздавалася сялянам. Кройц прапаноўваў таксама браць кварту са шляхты — трымальнікаў зямель у эканоміях, зрабіць гаспадарчыя пераўтварэнні ў каралеўскіх гарадах: пабудаваць у Берасці новы замкавы бровар, цагельню, а таксама заснаваць у Кобрынскай эканоміі новы горад (Станіслаў Каралеўскі). Супраць праекта Кройца выступілі трымальнік Берасцейскай і Кобрынскай эканомій граф Ежы Флемінг і надворны падскарбі Антоні Тызенгаўз, і ён не быў ажыццёўлены.
Кройц у 1769 склаў мемарыял «Данясенне пра стан Шаўліскай эканоміі», дзе апісаў гаспадарчае і сацыяльнае жыццё насельніцтва, у 1772 склаў карту гэтай эканоміі.
Падрабязнасці:
Doniesienie o stanie ekonomii Szawelskiej // Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. Tom I. 1907. W Wilnie: Druk Józefa Zawadzkiego, 1908. S. 151—154.
Kościałkowski Stanisław. Antoni Tyzenhauz podskarbi nadworny litewski. Tom 1. London, 1970. S. 606.
Кітурка Ірына. Нескарыстаная альтэрнатыва развіцця Берасцейскай і Кобрынскай эканомій у другой палове 18 ст. // Гістарычны альманах. Том 5. Гародня, 2001. С. 68—77.
© Валерый Пазднякоў, 2015
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


