Артыкулы: Брэн Келясцін Іванавіч
Брэн Келясцін Іванавіч (Бренн Келестин Иванович) [1802, Брэстчына—17(29).3.1875] — уніяцкі, з 1839 праваслаўны святар, этнолаг.
З сям’і чыншавых дзяржаўных сялян. Як год нараджэння ў розных працах называюцца таксама 1799 и 1800.
Скончыў Брэсцкае шасцікласнае вучылішча, дзе пасля два гады працаваў выхавацелем. У канцы 1820-х г. вучыўся і працаваў пісьмаводам у Жыровіцкай духоўнай семінарыі.
З 1831 святар, атрымаў парафію Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Кобрыне, намеснік дэкана, з 14.10.1838 настаяцель царквы св. Мікалая ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губерні, з 30.4.1839 праваслаўны. Пасля прыняцця праваслаўя сустрэў варожыя адносіны да сябе з боку мясцовага насельніцтва і быў вымушаны перамяшчацца пад аховай тысяцкага. З 1869 на спакоі.
На заклік Рускага геаграфічнага таварыства і на падставе яго анкеты напісаў этналагічную працу «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета, уваходзячага ў склад Гродзенскай губерні…» (1857), у якой адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларускага насельніцтва на тэрыторыі Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (14 вясельных), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гаспадарчых пабудоў і іх планы. Часта беларусаў параўноўвае з палякамі (мазурамі). Рукапіс у архіве Геаграфічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу.
Узнагароды: скуфія, камілаўка, набедранік, наперсны крыж.
Пахаваны пры царкве у Старым Корніне.
Працы:
Бренн Келестин, священник. Из путевых заметок старого священника // Литовские епархиальные ведомости. 1864. № 24. С. 951—958.
Вяселле ў Бельскім павеце. (На падставе рукапісу К.І.Брэна з 1853 г., апрацаваў Мікалай Лобач) // Беларускі каляндар 1982. Беласток, 1982. С. 163—174.
Падрабязнасці:
Литовские епархиальные ведомости. 1870. № 3. С. 90.
Литовские епархиальные ведомости. 1875. С. 152, 184. (Некралог).
Бренн Ярослав, свящ. Особенности религиозного быта крестьян Бельского уезда, Гродненской губернии // Литовские епархиальные ведомости. 1887. № 1—2. С. 4. (Пра К.Брэна).
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі ХІХ ст. Мінск: Навука і тэхніка, 1964. С. 38.
Лобач М. Келясцін Брэн. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павету свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў ХІХ ст. // Беларускі каляндар 1986. Беласток, 1986. С. 69—90.
Лобач Мікола. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў ХІХ стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa: PWN, 1988. С. 345—376.
Лобач М.С. Брэн Келясцін Іванавіч // Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: БелСЭ, 1989. С. 90.
Matus Irena. Celestyn Bren — duchowny i etnograf // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 27. Białystok, 2007. S. 175—179, portret.
Sosna Grzegorz o., Troc-Sosna Antonina m. Hierarchia i kler kościoła prawosławnego w granicach II Rzeczypospolitej i Polski powojennej w XIX—XXI wieku. Ryboły, 2012. S. 138.
© Валерый Пазднякоў, 2016
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне