Артыкулы: Брэн Яраслаў Кліментавіч (Бренн Ярослав Климентьевич)
Брэн Яраслаў Кліментавіч (Бренн Ярослав Климентьевич) [23.1(4.2).1844—2(15).2.1908] — праваслаўны святар, этнолаг.
Бацька — Клімент Іванавіч (брат Келясціна Іванавіча Брэна), святар у с. Голдава Лідскага павета, памёр, калі Яраславу было 9 год.
У 1853—1863 вучыўся ў Літоўскім духоўным вучылішчы і семінарыі, быў пісьмавадзіцелем семінарскага праўлення. Скончыў семінарыю першым вучнем і быў накіраваны на казённы кошт у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, якую скончыў у 1867. Пасля працаваў у Цэнтральным упраўленні дзяржаўнага кантроля, адначасова рэпетытар і гувернёр дзяцей у дзяржаўнага кантралёра Татарынава і князя Абаленскага.
Па запрашэнні Абаленскага, прызначанага ковенскім губернатарам, Брэн пераехаў у Коўна. З 24.11.1868 святар (рукапакладзены ў Ковенскай Чатырохсвяціцельскай царкве). 10.12.1868 прызначаны законанастаўнікам Ковенскай мужчынскай гімназіі, звольнены па прашэнні 21.2.1885 з выпадку хваробы. Выкладаў таксама расійскую славеснасць. Там жа ў 1869—1871 бібліятэкар. У 1870—1885 сакратар Ковенскага губернскага статыстычнага камітэта. Прызначаны 5.4.1871 прыходскім святаром Ковенскага Аляксандра-Неўскага сабора, звольнены па прашэнні 14.9.1880 з выпадку хваробы. У 1871—1880 член гаспадарчага камітэта Ковенскай мужчынскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Ковенскага Мікалаеўскага брацтва.
Прызначаны 21.2.1885 настаяцелем царквы ў с. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губерні (дзе раней служыў святаром яго дзядзька Келясцін Іванавіч Брэн), адначасова з 15.4.1885 законанастаўнік Старакорнінскага народнага вучылішча. Прызначаны 20.12.1885 цэнзарам пропаведзей па Кляшчэльскім благачыніі, з 20.1.1886 духоўнік Кляшчэльскага благачынія, з 12.12.1889 член Бельскага павятовага аддзялення епархіяльнай вучылішчнай рады. Протаіерэй з 6.5.1902.
Абраны членам Міжнароднага статыстычнага кангрэса ў Санкт-Пецярбургу (4.6.1872). Член і справавод Ковенскага Мясцовага ўпраўлення Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа (1877—1885). Абраны ад святарства Кляшчэльскага благачынія дэпутатам на епархіяльны з’езд ў Гродне, на якім абраны старшынёй (27—30.5.1904).
Удзельнічаў у выданні памятных кніжак Ковенскай губерні. Аўтар шматлікіх артыкулаў у духоўных і свецкіх часопісах і газетах.
Узнагароды: набедранік (6.12.1870), залаты медаль Імператарскага таварыства аматараў прыродазнаўства пры Маскоўскім універсітэце (30.8.1879), камілаўка (20.4.1880), сінадальны наперсны крыж (9.4.1887), ордэн святой Ганны 3-й ступені (15.5.1891), удзячнасць епархіяльнага начальства за асаблівыя працы па царкоўна-школьнай справе (7.5.1895), благаславенне архіепіскапа літоўскага і віленскага Іераніма за асабліва старанную службу па духоўнаму ведамству (18.2.1896), ордэн святой Ганны 2-й ступені (6.5.1897), Біблія ад Свяцейшага Сінода (11.5.1901).
Жонка: Феліцыя Андрэеўна, сыны: Аляксей (падатны інспектар Тамашоўскага павета Люблінскай губерні), Аляксандр (старшы інспектар галоўных майстэрняў Паўднёва-Заходніх чыгунак у Адэсе), Уладзімір (судовы следчы 1-га ўчастка Мазырскага павета), Барыс (міравы суддзя пасада Дзялошыцэ Мехаўскага павета Келецкай губерні) (на 1908).
Памёр у с. Стары Корнін, дзе і пахаваны.
Працы:
Бренн Ярослав, ученик высшего отделения Литов. Семин. Слово в 22 неделю по Пятидесятнице. (ученический опыт) // Литовские епархиальные ведомости. 1863. № 8. С. 270—276.
Бренн Ярослав, ученик Сем. Речь над гробом волонтера Лейб-Гвардии Павловского полка, Богдана Бренна // Литовские епархиальные ведомости. 1863. № 10. С. 348—350.
Речь новопосвященного диакона Я.Брена над гробом почившего архипастыря // Литовские епархиальные ведомости. 1868. С. 971—972.
Слово новопосвященного священника Ярослава Бренна над гробом почившего архипастыря // Вестник Западной России. 1868. кн. 9. С. 303.
Бренн Ярослав, свящ. Особенности религиозного быта крестьян Бельского уезда, Гродненской губернии // Литовские епархиальные ведомости. 1887. № 1—2. С. 4—9; № 4. С. 27—29; № 5. С. 36—39; № 6. С. 46—48.
Бренн Ярослав. Особенности религиозного быта крестьян Бельского уезда Гродненской губернии. Вильна: Типография губернского правления, 1887.
Падрабязнасці:
N.N. Протоиерей Ярослав Бренн // Гродненские епархиальные ведомости. 1908. № 8. С. 49—54; № 9. С. 57—62.
Borowik S. O budowniczym cerkwi w Starym Korninie // Przegląd Prawosławny (Białystok). 1999. X. S.25—26.
Фіонік Д. Рэлігійны быт сялян Бельскага павета другой палавіны ХІХ ст. // Przegląd Prawosławny (Białystok). 2007. XІ. S.48—49.
Sosna Grzegorz o., Troc-Sosna Antonina m. Hierarchia i kler kościoła prawosławnego w granicach II Rzeczypospolitej i Polski powojennej w XIX—XXI wieku. Ryboły, 2012. S. 138.
© Валерый Пазднякоў, 2016
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне