Артыкулы: Мендзылескі Лаўрын

Мендзылескі Лаўрын (Ваўжынец; да 1480—13.5.1529), дзяржаўны і каталіцкі рэлігійны дзеяч, дыпламат. З шляхецкага роду герба «Ястрабец» з Мазовіі. У 1493 паступіў у Кракаўскі ўн-т, дзе атрымаў ступень бакалаўра (1501). Публічны натарыус (1502). Пасля ўладкаваўся на працу ў канцылярыю польскага караля Аляксандра Ягелончыка, з 1505 пісар, з 1509 сакратар Жыгімонта І. Паспяхова прасоўваўся па духоўнай лесвіцы, у т.л. дзякуючы падтрымцы прымаса і канцлера Яна Ласкага: канонік і прэпазіт Віленскага капітула (1507), пробашч віцебскі (1509). У 1510—24 лацінскі пісар вялікакняжацкай канцылярыі ВКЛ. У 1513 быў на вучобе ў Італіі. У 1514 зноў выехаў у Рым, дзе прадставіў папе Льву Х мемарыял з апісаннем турэцкай пагрозы. У 1517 наведаў Рым як каралеўскі пасол з заданнем гуртаваць сілы супраць Турцыі і садзейнічаць кананізацыі каралевіча Казіміра Ягелончыка. Ад Льва Х атрымаў пасаду апостальскага протанатарыуса і нунцыя на каранацыйныя ўрачыстасці каралевы Боны. Па заданні папы наведаў імператара Максіміляна для арганізацыі антытурэцкай кааліцыі, ад якога, між іншым, дамогся княжацкага тытула для канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла. Ад Жыгімонта І у 1518 М. атрымаў годнасці біскупа камянецкага і каноніка плоцкага. У 1519—21, 1522—23, 1527—29 жыў у ВКЛ. Быў актыўным дарадцам Боны ў палітычных і гаспадарчых справах. Па загаду караля намагаўся ўлагодзіць востры канфлікт паміж Альбрэхтам Гаштольдам і Радзівілам, а па заданні Боны шукаў падтрымку магнатаў у справе абвяшчэння каралевіча Жыгімонта Аўгуста вялікім князем літоўскім пры жыцці бацькі. М. выступаў супраць прызначэння праваслаўнага князя Канстанціна Астрожскага ваяводай троцкім. У 1523 як каралеўскі пасол адведаў Малдову. У 1527 праводзіў візітацыю Жамойцкага біскупства. У 1528 пачаў супраць ваяводы віцебскага Івана Сапегі працэс, абвінавачваючы яго ў здрадзе і спробе захапіць трон, аднак канфлікт, прычыны якога ляжалі ў асабістых варожых адносінах і маёнткавых спрэчках, быў улагоджаны каралём. Памёр у Вільні, дзе пахаваны ў кафедральным касцёле. Меў значную бібліятэку, большая частка якой засталася ў Вільні.

Тв.: Descriptio potentiae Turciae. Ordinatio belli contra illam. 1514 // Acta Tomiciana. Posnaniae, 1853. T. 3.

Літ.: Pociecha W. Królowa Bona (1494—1557): Czasy i ludzie Odrodzenia. T. 2—3. Poznań, 1949—58; Груша А.І. Канцылярыя Вялікага княства Літоўскага 40-х гадоў XV—першай паловы XVI ст. Мінск, 2006.

© Валерый Пазднякоў, 2017

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.