Артыкулы: ахвяра дзясятага гроша
ахвяра дзясятага гроша — сталы дзяржаўны падатак, уведзены ўставай 26.3.1789 (апублікавана 6.4.1789) Чатырохгадовым соймам 1788—1792 на ўтрыманне запланаванага 100-тысячнага войска Рэчы Паспалітай. Афіцыйная назва — «Ofiara wieczysta Prowincjów obojga narodów na powiększenie sił krajowych»[1]. Фармальна А.д.г. лічылася не падаткам, але дабравольнай ахвярай шляхты. Парадак збору А.д.г. вызначаны 30.5.1789 уставай «Sposób wynalezienia ofiary z dóbr ziemskich duchownych»[2]. Аб’ектам абкладання былі даходы з зямлі і інш. гаспадарчыя прыбыткі ў маёнтках шляхецкіх, царкоўных і мяшчанскіх (з гарадскіх сельскагаспадарчых угоддзяў). Падатак браўся з сярэдняга рэгулярнага (сталага і пэўнага) даходу. Сярэдні даход для кожнага года вылічаўся спецыяльнымі камісарамі на падставе інвентароў або рэестраў, якія вызначалі прыбытак за апошнія тры гады. Пры гэтым памер падатку вызначаўся не індывідуальна для кождага маёнтка, але для ўсяго павета. Падатак быў роўны 10% даходаў са свецкіх і 20% даходаў з царкоўных маёнткаў. Ад выплаты А.д.г. была вызвалена маламаёмная шляхта (якая высявала да 10 карцоў збожа і не мела сялян); сродкі, якія шлі на ўтрыманне дыяцэзіяльных семінарый; духавенства, чый даход не перавышаў 500 злотых на асобу; шпіталі; канвікты для немаёмных студэнтаў і інш. Зніжаны падатак выплочвалі плябаны і кляштары, даходы якіх не перавышалі 2000 злотых; кляштары, якія ўтрымлівалі публічныя школы з 3 выкладчыкамі, прызнанымі Адукацыйнай камісіяй і інш. З-за адсутнасці сталага адміністрацыйнага апарату збор А.д.г. быў абцяжараны. Памеры А.д.г. за 1789 у Кароне склалалі 6,3 млн злотых, а ў ВКЛ за паўтары гады 1789/1790 — 2,8 млн злотых (меркавалася сабраць 16 млн злотых). Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай памеры А.д.г. зменшыліся ўдвая, тым не менш яна адыграла важную ролю ў фінансаванні арміі. Падатак перажыў падзелы Рэчы Паспалітай: у Прусіі існаваў да 1829, у Каралеўстве Польскім — да 1866.
Падрабязнасці:
Korzon Tadeusz. Wewnętrzne dzieje Polski za Stanisława Augusta (1764—1794). T. 3. Kraków; Warszawa. 1897. S. 236—237, 247.
Stelmasiak J. Protokoły ofiary 10-go i 20-go grosza (Korona) // Roczniki Dziejów Społecznych i Gospodarczych. 1932—1933. T. II. S. 39—55.
Rybarski Roman. Skarbowość Polski w dobie rozbiorów. Kraków, 1937. S. 272—335.
Główka Dariusz. Protokóły „ofiary 10 i 20 grosza” jako źródło do badań stanu majątkowego duchowieństwa na przykładzie powiatu płockiego // Kwartalnik Historyczny. 1993. R. 100. Nr 3. S. 43—58.
Wróblewski Bartosz. Ofiara wieczysta a problem regionalnych sporów podatkowych w początkach obrad Sejmu Wielkiego // Przegląd Nauk Historycznych. 2002. Nr 1/2. S. 71—93.
Gordziejew Jezy. Komisje Porządkowe Cywilno-Wojskowe w Wielkim Księstwie Litewskim w okresie Sejmu Czteroletniego (1789—1792). Kraków: Wydawnictwo Uniwersytetu Jagellońskiego, 2010. 352 s.
Dmochowski Piotr Andrzej. Ofiara dziesiątego grosza z dóbr ziemskich tak świeckich jak i duchownych powiatu nurskiego // Studiagenealogiczne. Tom II. Warszawa: PIOMAR, 2018. S. 219—376.
© Валерый Пазднякоў, 2018
[1] VL. T. 9. S. 73—74.
[2] VL. T. 9. S. 77—95.
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


