Артыкулы: Асухоўскі Мялецій (Ossuchowski Melecjusz)
Асухоўскі Мялецій (Ossuchowski Melecjusz) (1752, мяст. Крынкі Гарадзенскага пав.—1808) — беларускі ўніяцкі царкоўны дзеяч, кнігавыдавец, перакладчык, педагог.
У 1768 уступіў у Супрасльскі ўніяцкі манастыр, з якім быў звязаны ўсё жыццё. У 1801 успамінаў, што 4 гады быў прапаведнікам, 7 гадоў прафесарам, 10 гадоў прэфектам, 7 гадоў вікарыем манастыра, пастаўленым мітрапалітам. У 1779—1780 упамінаецца з тытулам professor studiorum. У 1783 узначаліў навучанне ў манастыры членаў базыліянскага ордэна. У 1784—1790 прэфект Супрасльскай друкарні. У 1795—1798 вікарый манастыра, з 1798 кіраўнік маёнткаў[1]. Распачаў вялікі рамонт у манастыры. У 1800 двойчы выбіраўся манахамі на пасаду абата. Выбар пацвердзіла калятарка Супрасльскага манастыра Людвіка з Жавускіх Хадкевічава. Прускія ўлады былі супраць, незадаволеныя прадпрымальніцкай і патрыятычнай дзейнасцю Асухоўскага, у 1801 не зацвердзілі выбары, абвінавачвалі Асухоўскага ў нявыплаце двум купцам доўгу ў 1074 злотых. Асухоўскаму было загадана пакінуць Супрасль і жыць у філіяльным манастыры ў Кузніцы пад Беластокам. Асухоўскі працягваў канфліктаваць з прускімі ўладамі, у 1806 самавольна пакінуў Кузніцу і пераехаў у Малую Бераставіцу (тэрыторыя Расійскай імперыі), дзе і памёр.
У 1782 маскоўскі архіепіскап (пасля мітрапаліт) Платон прапаноўваў А. прафесарскую пасаду ў Расіі (пры нейкай праваслаўнай семінарыі?)[2].
Як педагог Асухоўскі прытрымліваўся канцэпцыі выхавання ў духу натуральнага права, якая актыўна развівалася дзеячамі Асветніцтва.
Пад кіраўніцтвам Асухоўскага Супральская друкарня перажывала росквіт. Добра ведаў кніжны рынак. Друкаваў у асноўным свецкую літаратуру. Разам з традыцыйнай папулярнай літаратурай (календары, параднікі) друкаваліся літаратурныя творы ў духу Асветніцтва, а таксама грамадская і палітычная публіцыстыка, падручнікі для школ Адукацыйнай камісіі. Друкаваў папулярныя творы як контрфактую прадукцыю з указаннем на фіктыўнае месца выдання (Бранева, Бжэг, Лібераполіс, Магілёў, Пецярбург, Варшава, Уроцлаў).
Асухоўскі пераклаў на польскую мову і выдаў кнігі, якія адыгралі вялікую ролю ў пашырэнні ідэй Асветніцтва ў ВКЛ:
1. Д.Свіфт, «Падарожжы Гулівера» (Swift J. Podróże kapitana Gulliwera. Supraśl, 1784).
2. Ф.Шэрыдан, «Гісторыя Нуржахада» (Sheridan F. Narzahad człowiek nieśmiertelny. Supraśl, 1784), (у арыгінале:
3. Г.Ж.Баро, «Выхаванец прыроды» (Beaurieu G.G. Wychowaniec z natury. Cz. 1—2. Supraśl, 1785; Dziki Francuz w samej naturze w swym zostawiony wychowaniu. Cz. 1—2. Supraśl, 1790), (у арыгінале: Beaurieu Gaspard Guillard. L’eleve de la nature. Amsterdam, 1776).
4. Г.Філдынг, «Гісторыя прыгод Джозэфа Эндруса і яго прыяцеля Абрахама Адамса» (Fielding H. Xiądz pleban i przyjaciel jego. Supraśl, 1787), (у арыгінале: Fielding Henry. The History of the Adventures of Joseph Andrews and of his Friend Mr. Abraham Adams.
5. Ш.Шарбаньё-дэ-ля-Геснеры, «Успаміны міледзі Б.» (Charbonnier de la Guesnerie Ch. Kalwinka na pustyni wychowana, albo Pamiętnik Miledy B***». Supraśl, 1788), (у арыгінале: Charbonnier de La Guésnerie Charlotte-Marie-Anne. Mémoires de Miladi B.
6. «Кавалер і паненка, абое ў маладосці дрэнна выхаваныя» (Kawaler i panienka, oboje w młodości źle wychowani. Supraśl, 1786).
Асухоўскі ўпершыню ў Рэчы Паспалітай выдаў выдавецкі каталог: «Rejestr xiąg znajdujących się w Drukarni Supraślskiej do czytania» (1784).
У 1790 атрымаў прывілей караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгута Панятоўскага дла Супрасльскай друкарні.
Пра сваю асветную дзейнасць у Супраслі Асухоўскі пісаў у 1803: «Супрасль быў такім забабонным, што нават прыгадаць “натуральнае права” была дастатковым, каб быць праклятым фанатыкамі, і таму Віслоцкі, яшчэ абат, да тысячы экземпляраў перакладзенага і надрукаванага мною “Чалавека, выхаванага ў натуральным праве”, загадаў спаліць. У Супраслі да мяне не было ніякіх навук, а таксама заўсёды былі погляды, якія ганілі Маральнага Чалавека, і таму я напісаў і надрукаваў дзве кнігі, адну супраць чараў, другую супраць д’яблаў і ўпыроў» («Supraśl tak był zabobonny, że wspomnieć prawo natury było to jedno, co być już przeklętym od fanatyzmu i dla tego Wisłocki jeszcze opat do tysiąca egzemplarzów wytłumaczonego i wydrukowanego ode mnie „Wychowanego Człowieka w Prawie Natury”, kazał spalić. WSupraślujak przedemnąnigdyniebyłożadnychnauk,takteżhańbiąceMoralnegoCzłowiekabyłyzawszemaksymyidlategonapisałemiwydrukowałemdwieksiąg,jednąprzeciwczarom,drugąprzeciwdiabłomiupiorom»)[3].
Падрабязнасці:
[Radkiewicz Mikolaj]. Kronika Lawry Supraskiey // Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при Управлении Виленского Учебного Округа. Том девятый. Вильна, 1870.
Супрасльский Благовещенский монастырь. Историко-статистическое описание. Составил Архимандрит Николай (Долматов). СПб.: Синодальная типография, 1892. XV, 611 с., ил.
Cubrzyńska-Leonarczyk Maria. Oficyna supraska 1695—1803. Dzieje i publikacje unickiej drukarni ojców bazylianów. Warszawa, 1993.
Dobrowolski Radosław. Opat supraski biskup Leon Ludwik Jaworowski. Supraśl, 2003. 333 s. (Acta Collegii Suprasliensis. Tom IV).
Cubrzyńska-Leonarczyk Maria. Dziedzictwo Unii Brzeskiej. Z dziejów oficyny wydawniczej OO Bazylianów w Supraślu (1695—1803). Warszawa; Białystok, 2007. 82 s., il.
Gach Piotr Paweł. Bazyliański monaster w Supraślu w XVIII—XIX wieku // Małe miasta. Gospodarka. Lublin; Supraśl: Wydawnictwo KUL, 2007. 419 s. (Acta Collegii Suprasliensis. Tom IX). S. 356.
Getka Joanna. Między Wschodem i Zachodem. Rola typografii bazyliańskich w upowszechnianiu zachodnioeuropejskich powieści oświeceniowych // Homo Communicans III: человек в пространстве межкультурной кoммуникации. Szczecin, 2013. S. 83—95.
© Валерый Пазднякоў, 2018
[1] Dobrowolski Radosław. Opat supraski biskup Leon Ludwik Jaworowski. Supraśl, 2003. (Acta Collegii Suprasliensis. Tom IV). S. 54
[2] [Radkiewicz Mikolaj]. Kronika Lawry Supraskiey // Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при Управлении Виленского Учебного Округа. Том девятый. Вильна, 1870. S. 384
[3] Dobrowolski Radosław. Opat supraski biskup Leon Ludwik Jaworowski. Supraśl, 2003. (Acta Collegii Suprasliensis. Tom IV). S. 46, 210.
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


