Артыкулы: Сунігайла

Сунігайла (хроснае імя Ян) (?—паміж вер. 1433 і лют. 1434) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Стараста ковенскі ў 1398—1415 і 1422—1423, кашталян троцкі ў 1413—1433.

Імя ў дакументах: Johannes Sungal, Hannus Sungail, Sungail, Sungeyl, Sunygal, Sungal, Sungael, Songal, Czungal.

У палітычнай дзейнасці спецыялізаваўся на стасунках з Тэўтонскім ордэнам. Ведаў нямецкую мову, неаднаразова быў паслом в.кн. Вітаўта да ордэна (1403, 1405, 1409, 1423, 1424). У 1398 стараста ковенскі, удзельнічаў у перагаворах з крыжакамі ў Гародні і заключэнні Салінскага дагавора 1398. Быў сведкам пры заключэнні Віленска-Радамскай уніі 1401, Рацёнжскага дагавора 1404, пасля заключэння якога разам з іншымі ўраднікамі Вітаўта быў адказным за перадачу Жамойці ў рукі крыжацкіх уладаў. Пасля Вялікай вайны з Тэўтонскім ордэнам Сунігайла ўдзельнічаў у заключэнні Тарунскага міра 1411. Удзельнік заключэння Гарадзельскай уніі 1413, атрымаў герб «Ліс» і стаў першым кашталянам троцкім. Адначасова да 1423 быў старастам ковенскім. Удзельнічаў у заключэнні ў 1419 саюза Ягайлы з каралём Даніі, Швецыі і Нарвегіі Эрыкам, скіраваным супраць крыжакоў, і ў заключэнні ў Мельнскага мiру 1422 з крыжакамі. У 1425 удзельнічаў у перагаворах з крыжакамі ў Гародні па пагранічных пытаннях. Пры в.кн. Свідрыгайлу ўдзельнічаў у заключэнні з крыжакамі Скірстымонскага дагавора 1431, скіраванага супраць Польшчы. Пасля на баку в.кн. Жыгімонта Кейстутавіча. У 1433 удзельнічаў у пацвярджэнні уніі ВКЛ з Польшчай. У ходзе феадальнай вайны 1432—1439 браў актыўны ўдзел на баку Жыгімонта.

Вызнаваў каталіцтва.

Маёнткі меў паміж Свянцянамі і Ашмянамі: Вараняны, Селішча, землі ў Свіранах, Дубніках, Серэнчанах, азёры Княгініна, Марайціс, Вершымініс.

Жонка: Марына (?).

Сыны: Федзька, Івашка (Ян).

Падрабязнасці:

Любавский М. Литовско-русский сейм. Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства. М., 1900. [1], 850, 232, LXXII c.

Барвінський Богдан. Жиґимонт Кейстутович, великий князь литовско-руский (1432—1440). Історична монографія. Жовква: Печатня оо. Василиян, 1905. XIV, 169 с.

Semkowicz Władysław. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle roku 1413 // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. III. Poznań, 1989. S. 7—139, il.

Dokumenty strony polsko-litewskiej pokoju mełneńskiego z 1422 roku / Wydali Przemysław Nowak i Potr Pokora. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2004. 101 s., il.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom II. Województwo trockie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym przy współpracy Andreja Macuka i Jaugiena Aniszczanki. Warszawa: DiG, 2009. 687 s.

Nikodem Jarosław. Witold wielki książę litewski (1354 lub 1355—27 października 1430). Kraków: Avalon, 2013. 511 s., il.

Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст. Склад—структура—улада. Смаленск: Інбелкульт, 2014. 385 с.

Помнікі права Беларусі XIV—XVI стст.: агульназемскія прывілеі і акты дзяржаўных уній. Крыніцазнаўчы дапаможнік / Складальнікі: Г.Я.Галенчанка, А.А.Жлутка, А.А.Мяцельскі, В.С.Пазднякоў, А.І.Шаланда, І.М.Шпілеўская. Мінск: БелНДІДАС, 2015. 384 с., іл.

Korczak Lidia. Sunigajło Jan // PSB.

© Валерый Пазднякоў, 2019

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.