Артыкулы: Сулістроўскі Крыштаф Францішак
Сулістроўскі Крыштаф Францішак (каля 1665—4.9.1737) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай.
З шляхецкага роду герба «Любіч».
Бацька: Караль (?—пасля 7.6.1670). Маці: Алена з Корсакаў.
Ашмянскі падстолі ў 1708—1713, харужы ў 1713—1737.
Удзельнічаў у руху шляхты ВКЛ у падтрымку Тарнагродскай канфедэрацыі, скіраванай супраць Аўгуста ІІ, 23.3.1716 абраны маршалкам Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ у падтрымку Тарнагродскай. Канфедэрацыя прызначыла С. адным з кіраўніком войскам ВКЛ побач з вялікім гетманам ВКЛ Людвікам Пацеем, што выклікала канфрантацыю паміж гетманам і канфедэратамі. Кіраваў рухам кафедэратаў у ВКЛ і шчыльна супрацоўнічаў з маршалкам кароннай канфедэрацыі Станіславам Ледухоўскім. Удзельнічаў у «Нямым» сойме 1717 як маршалак канфедэратаў ВКЛ.
Пасол на сойм 1729. Пасля смерці Аўгуста ІІ (1733) далучыўся да шляхты, якая выступала за абранне на трон Станіслава Ляшчынскага. У 1734 абраны ашмянскай шляхтай палкоўнікам, удзельнічаў у абвяшчэнні ў Вільні Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ (5.4.1734) у падтрымку Ляшчынскага. У1735 у выгнанні ў Караляўцы разам з Ляшчынскім, пасля вярнуўся.
Меў значныя маёнткі ў Ашмянскім павеце (Вішнева, Чурлёны, Камаі, Жукаўшчына, Сурвілішкі, Сырэнчаны, Дуброўшчына і інш.).
Пахаваны 8.10.1737 у Камайскім касцёле Яна Хрысціцеля.
Жонка 1-я: Тэрэза з Данілевічаў (?—10.3.1723), дачка Рамана Яна Данілевіча, падкаморыя ашмянскага, і Кацярыны з Пацаў. З ею меў сыноў Францішка і Міхала, дачок Алену, Барбару і Людвіку.
Жонка 2-я: Аляксандра з Белазораў (?—да ліпеня 1728).
Жонка 3-я: Ганна Кацярына з Глембоцкіх (?—пасля 1740).
Сыны: Францішак (?—да 25.11.1736), Міхал (?—да 6.3.1761), стольнік ашмянскі.
Дачкі: Алена (муж: Стафан Юрый Ромер, войскі, харужы троцкі), Барбара (1710—1780; муж: Томаш Міхал Ляхавіцкі Чаховіч, пісар земскі ашмянскі), Людвіка (?—1782); муж 1-ы: Міхал Козел Паклеўскі, стараста дзісенскі; муж 2-і: Юзаф Крыштаф Галоўніч Война Ясянецкі, пісар гродскі ашмянскі).
Падрабязнасці:
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom I. Województwo wileńskie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Uładzimira Jemialianczyka i Andreja Macuka. Warszawa: DiG, 2004. 764 s.
Andrzej Haratym. Sulistrowski Krzysztof Franciszek // PSB. T. XLV/4. Warszawa; Kraków, 2008. S. 487—489.
© Валерый Пазднякоў, 2019
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне