Артыкулы: Віленскі Крывы замак

Віленскі Крывы замак (Віленскі Крывы горад) — умацаваная частка Вільні ў 14 ст., адзін з трох віленскіх замкаў побач з Верхнім і Ніжнім. У лацінскіх крыніцах названы castrum curvum, у летапісах ВКЛ — Крывы горад. Меў драўляна-земляныя ўмацаванні. Быў спалены крыжакамі ў 1390, пасля не адбудоўваўся.

Лакалізацыя невідавочная. Марыя Лаўмянская меркавала, што Крывы замак знаходзіўся на гары Бакшта. Алена і Уладзімір Галубовічы лічылі, што замак знаходзіўся на Бекешавай гары, дзе яны ў ходзе археалагічных раскопак знайшлі матэрыялы 12—14 ст., якія прыпісалі крывічам, ад назвы каторых выводзілі назву Крывы горад. Раскопкі паміж Сталовай і Лысай гарамі правёў у 1956 Адольфас Таўтавічус, былі знойдзены матэрыялы 13—14 ст., Крывы замак ён лакалізаваў на Лысай гары.

Ежы Ахманскі меркаваў, што Крывы замак знаходзіўся на левым беразе Вільні (Віленкі), на палуднёвы ўсход ад Замкавай гары і на паўночны ўсход ад Рускага горада (civitas Ruthenica), пры Полацкім тракце, дзе пазней быў збудаваны касцёл св. Францішка і св. Бярнарда, і лічыў, што Крывы замак служыў умацаваннем для жыхароў Рускага горада.

Археалагічныя даследаванні паказалі, што замак знаходзіўся на Лысай (Трохкрыжовай) гары, у сутоках Вільні і Віліі, на правым беразе Вільні. Першапачатковыя ўмацаванні на гэтым месцы датуюцца пачаткам 1-га тыс. н.э. Быў пабудаваны ў 14 ст. Ахопліваў плошчу 12 га. На поўнач ад яго ляжала неўмацаванае паселішча 12—14 ст.

Падрабязнасці:

Васильевский В.Г. Где находился виленский Кривой замок // Труды девятого археологического съезда в Вильне. 1893 / Под редакцией графини Уваровой и С.С.Слуцкого. Том II. М., 1897. Протоколы. С. 120—121.

Hołubowicz Włodzimierz. Krzywy Gród z XIV w. na Górze Bekieszowej w Wilnie // Wilno. 1939. Nr 1. S. 27—35, il.

Hołubowicz Włodzimierz. Gdzie stał trzeci zamek wileński zburzony przez Konrada Wallenroda 1390 roku // Kurier Wileński. 1939. Nr 98.

Голубович В., Голубович Е. Кривой город — Вильно // Краткие сообщения Института истории материальной культуры. М., 1945. Вып 11. С. 114—126.

Ochmański Jerzy. Krzywy Gród Wileński (próba lokalizacji) // Zapiski Historyczne. 1971. XXXVI (2). S. 57—65. (Перадрукавана: Ochmański Jerzy. Krzywy Gród Wileński. Próba lokalizacji // Ochmański Jerzy. Dawna Litwa. Studia historyczne. Olsztyn: Pojezierze, 1986. S. 83—91).

Даўгудзіс Вітаўтас. Новыя дадзеныя пра мінулае віленскай Лысай (Трохкрыжовай) гары // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 21. Мінск: Інстытут гісторыі НАН Беларусі, 2006. С. 95—108, іл.

Sarcevičius Saulius, Valionienė Oksana, Pugačiauskas Virgilijus. Kreivoji pilis: tarpdisciplininių tyrimų atvejis. Vilnius: Lietuvos istorijos institutas, 2016. 283 p., pav.

© Валерый Пазднякоў, 2019

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.