Артыкулы: Траянаўская бітва 1294

Траянаўская бітва 1294. Адбылася 10.6.1294 паміж войскам ВКЛ на чале з князем Віценем і войскам ланчыцкага князя Казіміра ІІ. Войска Віценя (паводле звестак Яна Длугаша, 1800 коннікаў; паводле Пятра з Дусбурга, 800 воінаў), відаць, выйшла з Гародні. Длугаш паведамляе, што войска Віценя (на той час «сын караля Літвы», гэта значыць, яшчэ не вялікі князь літоўскі), складалася з літвінаў, прусаў і жамойтаў. Магчыма, Длугаш утварыў гэты спіс з тытула гаспадароў ВКЛ свайго часу («вялікі князь літоўскі, рускі, жамойцкі»), пры гэтым русы праз памылку ператварыліся ў прусаў; лічбу 800 у Дусбурга ён павялічыў да 1800, каб растлумачыць перамогу літвінаў. Віцень пры падрыхтоўцы пахода заключыў пагадненне з мазавецкім князем Баляславам ІІ (быў жанаты з дачкой вялікага князя літоўскага Трайдзеня), які прапусціў яго войска праз Мазовію. Гэта дало магчымасць Віценю неспадзявана напасці на Ланчыцкую зямлю ў цэнтры Польшчы ў час Пяцідзясятніцы (6 чэрвеня). Галоўным аб’ектам нападу сталі Ланчыца і калегіяцкі касцёл у Туме, які быў зрабаваны і спалены. Забіўшы шмат людзей, з вялікай здабычай і палонам войска Віценя пачало адыход. Войска Казіміра ІІ нагнала літвінаў пад Траянавым (цяпер частка горада Сахачава) на р. Бзура. Баляслаў ІІ дамогся, каб варожыя бакі заключылі пагадненне. Аднак нечакана Віцень разарваў дамову, і яго войска атакавала польскае. У бітве загінула шмат польскіх рыцараў, асабліва ў багнах Бзуры, а таксама сам Казімір ІІ. Баляслаў ІІ уратаваўся (з дапамогай Лаўрына, кашталяна Белай). Бітва стала буйнейшай перамогай войска ВКЛ у час нападаў на Польшчу ў 13—14 ст.

Крыніцы:

Annałes Expeditalis Prussici....s. 9;

Chronik der vier Orden...,s. 145;

Jeroschin, s. 534;

Excerpta Ioannis Długossi e fontibus incertis // MPH IV. Lwów, 1884, s. 10.

Rocznik Małopolski // MPH III. s. 186.

Rocznik Miechowski // MPH II, s. 883.

Rocznik Traski // MPH II, s. 852—853.

Rocznik franciszkański krakowski// MPH II, s. 47.

Spominki Gnieźnieńskie // MPH III, s. 43—44.

Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской / Издание подготовила В.И.Матузова. М.: Ладомир, 1997. 384 с., ил. (с. 149).

Ioannis Dlugossi Annales seu cronicae incliti Regni Poloniae. Liber 7—8. Warszawa, 1974. S. 355—356; Liber 9. Warszawa, 1978. S. 31—32.

Długosz Jan. Roczniki czyli kroniki sławnego królestwa polskiego. Księga siódma. Księga ósma 1241—1299. Wydanie II. Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN SA, 2009. 425 s. (S. 355—356).

Падрабязнасці:

Semkowicz Alexander. Krytyczny rozbiór Dziejów polskich Jana Długosza (do roku 1384). Kraków: Nakładem Akademii Umiejętności, 1887. XV, 407 s. (s. 315).

Paszkiewicz Henryk. Jagiellonowie a Moskwa. Tom I. Litwa a Moskwa w XIII i XIV wieku. Warszawa: Z zasiłku Funduszu Kultury Narodowej, 1933. 454 s. (s. 157).

Aścik K. Najazd litewski na Łęczycę w 1294 roku // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. Tom X. Część I. Warszawa, 1964. S. 3—11.

Zajączkowski Stanisław Marian. W sprawie najazdu litewskiego na Łęczycę w 1294 r. // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. Tom XII. Część II. Warszawa, 1966. S. 321—331.

Aścik K.Jeszcze o najeździe na Łęczycę // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. Tom XV. Część I. Warszawa, 1969. S. 317—321.

Nowak T. W sprawie najazdu litewskiego na ziemię łęczycką w 1350 r. // Acta Universitatis Lodziensis. (Folia historica, z. 14). 1983.

Bunar P., Sroka S. Wojny, bitwy i potyczki w średniowiecznej Polsce. Kraków, 1996.S. 58—59.

Szweda Adam. Sprawa najazdu litewskiego na Mazowsze w 1302 roku // Europa Środkowa i Wschodnia w polityce Piastów. Toruń, 1997. S. 83—88.

Błaszczyk Grzegorz. Dzieje stosunków polsko-litewskich od czasów najdawniejszych do współczesności. Tom I. Trudne początki. Poznań, 1998. (=Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Seria Historia. Nr 191). 303 s., il. (s. 53—55).

Prekop Dariusz. Wojna zakonu krzyżackiego z Litwą w latach 1283—1325. Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2004. 189 s. (s. 80—81).

Teterycz-Puzio Agnieszka. Książęta mazowieccy wobec państwa litewskiego w XIII wieku — walka czy współpraca? // Zapiski Historyczne. 2010. Tom LXXV. Zeszyt 1. S. 7—29.

Ptak Jan. O rzekomej bitwie Kazimierza Wielkiego z Litwinami pod Sochaczewem w maju 1350 r. // .) // Roczniki Humanistyczne. 2015. Tom LXIII. Zeszyt 2. S. 5—23.

© Валерый Пазднякоў, 2019

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.