Артыкулы: афіцыял

афіцыял (лац. officialis, officiarius, officiatus) — у каталіцкай царкве ВКЛ і Рэчы Паспалітай святар, праз якога біскуп ажыццяўляў сваю судовую ўладу.

А. узначальваў духоўны суд — афіцыялат (кансісторыю). Аб’ём паўнамоцтваў А. вызначаў біскуп. А. мог мець таксама некаторыя адміністрацыйныя функцыі. Паўнамоцтвы А. скончваліся пасля смерці біскупа. Біскуп мог у любы час пазбавіць А. пасады. А. маглі прызначаць сябе памочнікаў — сурагатараў. У выпадку, калі ўлада А. ахоплівала ўсю дыяцэзію, яго называлі генеральным А., у некаторых дыяцэзіях існавалі таксама акруговыя А. Віленскі біскуп Ігнацы Масальскі (1762—94) стварыў 4 акруговыя афіцыялаты ў сваёй епархіі: Троцкі, Гарадзенскі, Слуцкі і Беларускі (першыя 3 хутка скасаваны). Луцкая епархія мела акруговыя афіцыялаты Луцкі, Брацлаўскі і Янаўскі (апошні — для Падляшша і Берасцейскага ваяв.). Пасада А. існавала ў і грэка-каталіцкай царкве, дзе ён узначальваў вял. судова-адміністрацыйную акругу, вядомы А. віленскія, менскія, новагародскія, берасцейскія, кіеўскія, уладзімірскія і інш.

У ВКЛ першыя А. з’явіліся ў Віленскай епархіі, дзе ў пач. 16 ст. пасада А. аб’яднана з пасадай генеральнага вікарыя. Вядомы А. віленскія: канонік Ян Гамулка (1439—43), канонік Мікалай (1456—63?), архідыякан віленскі Ян з Пыздраў (1471—84), канонік Ян з Творкава (1492—95), канонік Каспер з Варшавы (1510), канонік Адам Якубавіч з Котры (1512—15), дэкан віленскі Мікалай Вязгайла (1521), канцлер канонік Якуб Сташкоўскі (1524—25) і інш.

У Жамойцкай епархіі вядомы А.: канонік вікарый Павел Янавы з Пшасныша (1503), канонік Бенядзікт (1513), канонік вікарый Марцін Сакальніцкі (1522), біскуп кіеўскі Мікалай Вяжгайла (1529), канонік вікарый Станіслаў Скульскі (1534—38), канонік Рыгор Грымздойць (1560), канонік Альберт Вінскі (1561), Францішак Срадніцкі (1567), Бенядыкт Катарскі (1560—70-я г.), Марцін Гасліцкі (1579), канонік Мікалай Даўкша (1585—92), канонік Ян Вышамірскі (1593) і інш.

У Луцкай епархіі вядомы генеральныя А.: Ежы Альбіна (1541—44), Якуб Кажухоўскі (1545—49), Марцін Крокер (1550—51), Адрыян Костан (1551—56), Якуб Плонскі (1556—60), Станіслаў Вільчак (1561—64), Мікалай Калачкоўскі (1564—65), Францішак Срадніцкі (1569—91), Францішак Заерскі (1601—07), Якуб Бяляўскі (1616—27), Крыштоф Вільскі (1628—31), Уладзіслаў Суткоўскі (1711—32), Тамаш Канеўскі (1735—38), Антоні Шашоўскі (1740—50), Ян Хрызастом Качкоўскі (1755—81). Для Падляшша і Берасцейскага ваяв. прызначаліся акруговыя А.: Валерыян Вільчагурскі (1631—32), Ян Карыцкі (1633—37), Ян Залескі (1638—39), Станіслаў Ушынскі (1640—44), Лаўрын Заленцкі (1645—59), Валерыян Ражэўскі (1663), Гаспар Чайкоўскі (1664), Павел Краснадэмбскі (1665), Казімір Звер (1665—82), Казімір Гадлеўскі (1683—99), Тамаш Пшаказінскі (1703—11).

Падрабязнасці:

Kurczewski J. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych, zawierające dzieje i prace biskupów i duchowienstwa djecezji wileńskiej, oraz wykaz kościołów, klasztorów, szkół i zakładów dobroczynnych i społecznych. Wilno, 1912. S. 56, 379;

Ochmański J. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu: Ustrój i uposażenie. Poznań, 1972. S. 18—19;

Królik L. Organizacja diecezji łuckiej i brzeskiej od XVI do XVIII wieku. Lublin: RW KUL, 1983. S. 161—183, 247—251;

Błaszczyk G. Diecezja żmudzka od XV do początku XVII w.: Ustrój. Poznań, 1993. S. 92—95;

Ališauskas V., Jaszczołt T., Jovaiša L., Paknys M. Lietuvos katalikų dvasininkai XIV—XVI a. Vilnius, 2009.

© Валерый Пазднякоў, 2019

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.