Артыкулы: Азярышчанская (Азярыская) воласць

Азярышчанская (Азярыская) воласць — адміністрацыйная адзінка ў Віцебскай зямлі ў XV—XVІІI ст. Цэнтр — Азярышча (цяпер гарадскі пасёлак Езярышча ў Гарадоцкім раёне). Займала паўночную ўскраіну Віцебскага павета, землі вакол возера Езярышча і ўздоўж ракі Обаль (заходняя і цэнтральная часткі цяперашняга Гарадоцкага раёна). Першапачаткова насельніцтва воласці падпарадкоўвалася віцебскім намеснікам. Па выніках вайны 1500—1503 гг. Азярышчанская воласць стала пагранічнай з Маскоўскай дзяржавай, большае значэнне набыў Азярышанскі замак і мясцовае ваенна-служылае насельніцтва — панцырныя баяры. У час праўлення вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Старога воласць была ўзята з-пад падпарадкавання віцебскаму намесніку і падначалена непасрэдна Вільні, аднак некаторыя навіннасці валашчане працягвалі выконваць на карысць Віцебскага замка. Такое падвойнае падпарадкаванне захавалася і надалей. З 1526 г. воласць у трыманні князя Сямёна Ямантавіча Падбярэзскага[1]. У 1528 г. (?) вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Стары перадаў Азярышча з воласцю сваёй жонцы Боне. Апошняя трымала там намеснікам Кірдзея Грычынавіча, а ў 1555 г. прызначыла дзяржаўцам у Азярышча будучага канцлера ВКЛ Астафія Багданавіча Валовіча.

На тэрыторыі Азярышчанскай воласці ў XVI ст. адзначаны сёлы Стайкі[2], Болецк, Перацінічы, Аскота, Казьяны[3], Востраўна[4], Тарапчаны (Тарабчаны)[5], Старыновічы, Паляшчаны Вялікія, Кошча Меншая, Войхан[6], у XVII ст. — сёлы Стайкі, Роўнае[7], Арлея[8].

З канца XVI ст. Азярышчанская воласць часцей называлася стараствам. Князь Юрый Паўлавіч Друцкі-Сакалінскі ў 1577 г. атрымаў прывілей на Азярышчанскае стараства, паўторна — 22 чэрвеня 1582 г. і 5 лютага 1588 г. Наступным старастам стаў князь Міхаіл Міхайлавіч Друцкі-Сакалінскі (прывілей 17 сакавіка 1597 г.), які ў 1607 г. перадаў стараства свайму сыну Крыштаф, а той у сакавіку 1639 г. — сваёй дачцы Крысціне і яе мужу Крыштофу Статкевічу, падкамораму браслаўскаму. Наступным старастамстаў сын апошняга — Вільгельм Стакевіч (1644—1654 гг.). Пазней азярышчанскім старастам быў князь Аляксандр Гілярый Палубінскі (1661—1679 гг.), князі Агінскія (Рыгор Антоній Агінскі ў 1703—1709 гг., Казімір Марцыян Агінскі ў 1709—1727 гг.), Станіслаў Панятоўскі, Салагубы (Ян Салагуб у 1733—1740 гг., Антоний Юзаф Салагуб у 1740—1759 гг., пасля стараства трымала яго ўдава Брыгіда Петранела з Радзівілаў, расійская імператрыцы Кацярына ІІ падаравала ёй Азярышча).

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі.

Падрабязнасці:

Любавский Матвей. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута. Исторические очерки Матвея Любавского. [М., 1892]. VIII, 884, С, VI с.

Голубеў В.Ф., Доўнар А.Б. Азярышчанскія панцырныя баяры ў другой палове XVI—першай палове XVII ст. // Гарадоччына ўчора, сёння, заўтра. Матэрыялы І Гарадоцкіх краязнаўчых чытанняў. 26 кастрычніка 2007 г. Гарадок, 2007. С. 36—47.

Голубеў В.Ф. Сельская абшчына ў Беларусі XVI—XVIII стст. Мінск: Беларуская навука, 2008. 407 с., іл.

Голубеў Валянцін, Доўнар Аляксандр. Панцырныя баяры Беларусі ў другой палове XVI—першай палове XVII стагоддзя (на прыкладзе Азярышчанскага староства) // Крізь століття. Студії на пошану Миколи Крикуна з нагоди 80-річчя. Львів, 2012. С. 268—282.

© Валерый Пазднякоў, 2020


[1] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 12 (1522—1529). Užrašymų knyga 12 / Parengė: D.Antanavičius ir A.Baliulis. Vilnius: Žara, 2001. № 613. P. 472.

[2] КМФ-18.1.66.73.

[3] КМФ-18.1.67.99 об.

[4] КМФ-18.1.69.28, 147.

[5] КМФ-18.1.69. 170 об.; Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 70 (1582—1585). Кніга запісаў № 70. (Копія канца XVI ст.) / Падрыхтаваў А.А.Мяцельскі. Мінск: Беларуская навука, 2008. № 9. С. 73.

[6] Голубеў В.Ф., Доўнар А.Б. Азярышчанскія панцырныя баяры ў другой палове XVI—першай палове XVII ст. // Гарадоччына ўчора, сёння, заўтра. Матэрыялы І Гарадоцкіх краязнаўчых чытанняў. 26 кастрычніка 2007 г. Гарадок, 2007. С. 37, 39.

[7] КМФ-18.1.89.136.

[8] Голубеў В.Ф., Доўнар А.Б. Азярышчанскія панцырныя баяры ў другой палове XVI—першай палове XVII ст. // Гарадоччына ўчора, сёння, заўтра. Матэрыялы І Гарадоцкіх краязнаўчых чытанняў. 26 кастрычніка 2007 г. Гарадок, 2007. С. 37. 

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.