Артыкулы: Іван Альгімонтавіч


Іван Альгімонтавіч (?—пасля 1401) — князь у ВКЛ з роду князёў Гальшанскіх.

Бацька: Альгімонт / Альгімунт.

У 1379 быў адным са сведкаў заключэння перамір’я паміж ВКЛ і прускай галіной Нямецкага ордэна (Iwan Augemu(n)ten son)[1]. Яго імя змешчана сярод баяраў, на гэты час ён не меў княскага тытулу. У 1380 удзельнічаў у з’ездзе ў Даўдзішках, на якім Ягайла заключыў саюз з крыжакамі, скіраваны супраць Кейстута[2]. У 1386 удзельнічаў у каранацыі Ягайлы на польскага караля (звесткі «Хронікі Быхаўца»).

І.А. быў верным прыхільнікам Вітаўта ў яго барацьбе з Ягайлам. Вітаўт сведчыў, што перад яго другімі ў цёкамі ў Прусію Ягайла адабраў у І.А. бацькоўскія ўладанні і вярнуў іх толькі пад паручыцельства Вітаўта, за што І.А. падараваў Ягайлу залаты пояс[3]. Напярэдадні ўцёкаў у Прусію Вітаў выслаў туды спачатку І.А., які атрымаў там уладанні[4]. Разам з Вітаўтам І.А. прынёс прысягу Ордэну. У 1390 засведчыў абавязацельства Вітаўта выплаціць усе даўгі Ордэну (да акта прывешана пачатка І.А. з легендай IВАNОВА ПЕЧАТ[…]КИМОNТОВИ(Ч)А і выявай Багародзіцы). У 1390—1391 І.А. суправаджаў дачку Вiтаўта Соф’ю ў паездцы ў Маскву на шлюб з вялікім князем маскоўскім Васiлём Дзмiтрыевiчам[5]. У 1391 удзельнічаў у выправе Вітаўта на Літву[6]. У Прусіі І.А. пачаў тытулавацца князем, відаць, як сваяк Вітаўта (Вітаўт і І.А. былі жанаты на родных сёстрах — Ганне і Агрыпіне Святаслаўнах).

У 1392 І.А. разам з Вітаўтам вярнуўся ў ВКЛ пасля заключэння Востраўскага пагаднення з Ягайлам[7]. У 1395 (?) пасля смерці князя Скіргайлы атрымаў ад Вітаўта пасаду намесніка ў Кіеве (кіеўскімі намеснікамі пазней былі і ягоныя сыны Андрэй і Міхаіл). У 1398 І.А. удзельнічаў у заключэнні Салінскага дагавора з Ордэнам[8]. У 1401 удзельнічаў у заключэнні Віленска-Радамскай уніі[9].

У 1418 Вітаўт узяў шлюб з Ульянай, дачкой І.А. (пасля смерці жонкі Ганны Святаслаўны).

Імя І.А. ўпісана ў памяннікі Кіева-Пячэрскай лаўры, Слуцкага Трайчанскага манастыра, Любецкі сінодзік.

Валодаў родавым маёнткам Гальшаны (прама не ўпамінаецца), Біюцішкамі каля Гальшан (прыпушчальна)[10].

Атрымаў ад Вiтаўта вял. воласцi Глуск i Парэчча на р. Пцiч (некаторыя землі там падараваў Кіева-Пячэрскаму манастыру[11]), Дубровiцкае княства на р. Гарынь (Украiна).

Жонка: Агрыпіна Святаслаўна (бацька: вял.кн. смаленскі Святаслаў Іванавіч (?—1386)).

Сыны: Андрэй Вязынскі, Сямён Люты, Аляксандр Нялюб, Мiхаiл.

Дачка: Ульяна (1378—1448), муж 1-ы: кн. Iван Карачаўскі; муж 2-і (шлюб у Гародні 1.11.1418): вял. кн. Вiтаўт. Гісторык Ян Тэнгоўскі лічыць Ульяну ўнучкай І.А. (дачкой яго сына Міхаіла Іванавіча Гальшанскага)[12].

Падрабязнасці:

Клепатский П.Г. Очерки по истории Киевской земли. Том I. Литовский период. Одесса, 1912. XLIII, 599 с., карты.

Polechow Sergiej W., Butyrski Michaił N. Pieczęć kniazia Iwana Olgimuntowicza Holszańskiego // Inter Regnum et Ducatum. Studia ofiarowane Profesorowi Janowi Tęgowskiemu w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. Białystok: Instytut Badań nad Dziedzictwem Kulturowym Europy, 2018. (Prace Centrum Badań Struktur Demograficznych i Gospodarczych Przednowoczesnej Europy Środkowo-Wschodniej. Tom VII). S. 441—461, il.

Лицкевич О.В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. СПб.: Дмитрий Буланин, 2019. (Studiorum slavicorum orbis; вып. 16). 926 с., ил.

© Валерый Пазднякоў, 2019


[1] Codex diplomaticus Prussicus / Red. J. Voigt. T. 3. Königsberg, 1848. № 134. S. 180—182.

[2] Scriptores Rerum Prussicarum. Zweiter Band. Leipzig: Verlag von S.Hirzel, 1863. S. 604.

[3] Scriptores Rerum Prussicarum. Zweiter Band. Leipzig: Verlag von S.Hirzel, 1863. S. 714.

[4] SRP, t. 3, s. 167–168, 617.

[5] ПСРЛ, т. 4, ч. 1, с. 368; т. 35, с. 65, 71, 89.

[6] Codex diplomaticus Prussicus / Red. J. Voigt. T. 3. Königsberg, 1848. № 134. S. 647.

[7] ПСРЛ, т. 17, стб. 514.

[8] Die Staatsverträge des Deutschen Ordens in Preussen im 15. Jahrhundert / Ed. E.Weise. T. 1 (1398—1437). Königsberg, 1939. № 2. S. 12.

[9] AUPL. Nr 39. S. 37, 42.

[10] Лицкевич. С. 471—473.

[11] АЗР. Т. 1. № 72. С. 92—93; Описание. Т. 1. № 42. С. 24.

[12] Tęgowski J. Małżeństwa księcia Witolda Kiejstutowicza // Rocznik Polskiego Towarzystwa Heraldycznego. 2 (13). 1995. S. 177—182.

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.