Артыкулы: Друцкі-Сакалінскі (Сакалінскі) Крыштаф Міхайлавіч
Друцкі-Сакалінскі (Сакалінскі) Крыштаф Міхайлавіч (?—паміж 14.2.1639 і 10.2.1640) — дзяржаўны дзеяч. Кашталян мсціслаўскі ў 1623—1625, сурагатар гродскі полацкі ў 1623—1627, кашталян полацкі з 1625.
З роду князёў Друцкіх-Сакалінскіх. Бацька: Міхаіл (?—1621), ваявода полацкі.
У 1590 вучыўся ў езуітаў у Віленскай Папскай семінарыі, Віленскай акадэміі, у 1595 запісаўся ў Інгальштацкі ўніверсітэт, пасля ў Рыме, у 1599 у Альтдорфе, у 1600 зноў у Інгальштаце. Набыў грунтоўныя веды ў праве.
Уваходзіў у палітычную групоўка Сапегаў. Па вяртанні на радзіму стаў каралеўскім дваранінам і сакратаром, атрымаў Азярышчанскае стараства (1607). Двойчы адбудоўваў замак у Азярышчы. У 1623 увайшоў камісію па расследаванні забойства ў Віцебску архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. У час вайны з Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—1634 трымаў залогу ў Азярышчах. Пасол на соймы 1609 (абраны ў камісію па карэктуры законаў і Трыбунала ВКЛ), 1621 (абраны ў камісію па ўсталяванні цэн на тавары ў ВКЛ).
Маёнткі дзедзічныя: Несіна, Камень (Полацкае ваяводства), Струбніца (Гарадзенскі павет). Каралеўшчыны: Тарачаны, Даўгаполле, Казяны, Чортавічы, Угла, Копні, Астроўна (Азярышчанскае стараства, з 1630), Мішневічы, Гарадок, Шчапанавічы, Стайкі, Орлі (Азярышчанскае стараства, з 1634?).
Яго жонка Марына з Войнаў заснавала касцёл св. Казіміра пад Полацкам (1645, у 1654 разбураны маскоўскім войскам).
Жонка 1-я: N з Камаеўскіх (бацька: Юрый Камаеўскі, падкаморы вількамірскі).
Жонка 2-я: Марына з Войнаў (?—пасля 1644), бацька: Габрыель Война, падканцлер ВКЛ.
Сыны: Крыштаф Януш, Габрыель (?—1643), Казімір Леў (?—1657), Міхал (?—1660).
Дочкі: Крысціна (?—16.12.1653), муж: Крыштаф Статкевіч, падкаморы браслаўскі ў 1624—1650, стараста азярышчанскі; Марыяна Фларэнцыя (1-ы муж: Павел Уладзіслаў Дольскі, войскі ваўкавыскі; 2-і муж: Якуб Тэадор Кунцэвіч, падкаморы лідскі); Канстанцыя (бернардзінка ў Вільні).
Падрабязнасці:
Wolff Józef. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. XXV, 698 s. (S. 482—483).
Nagielski Mirosław. Sokoliński (Drucki Sokoliński) Krzysztof // PSB. 40/1. S. 42—43.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom V. Ziemia połocka i województwo połockie. XIV—XVIII wiek / Pod redakcją Henryka Lulewicza. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Andrzej Haratym, Andrej Macuk i Andrej Radaman przy współpracy Witala Hałubowicza i Przemysława P.Romaniuka. Warszawa: Instytut Historii PAN, 2018. 306 s.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom IX. Województwo mścisławskie. XVI—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Henryk Lulewicz, Tomasz Jaszczołt, Andrej Radaman, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrej Macuk, Adam Danilczyk i Andrzej Haratym. Warszawa: Instytut Historii PAN, 2019. 262 s.
© Валерый Пазднякоў, 2025
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


