Артыкулы: Друцкі-Сакалінскі (Сакалінскі) Леў Лаўрэнцій

Друцкі-Сакалінскі (Сакалінскі) Леў Лаўрэнцій (19.12.1681, Полацкае ваяводства—15.5.1727) — грэка-каталіцкі царкоўны дзеяч. Архімандрыт гарадзенскі ў 1713—1720, ануфрыеўскі і пустынскі з 1719, полацкі з 1724; архіепіскап смаленскі і северскі з 1719.

З роду князёў Друцкіх-Сакалінскіх. Бацька: Фларыян Казімір, падчашы аршанскі. Маці: Марыяна з Гібуляў-Вільдтаў.

У маладосці быў рыма-католікам, уступіў у ордэн базыльянаў. У 1700—1703 вучыўся ў езуітаў у Брунсбергу (Браневе), з 1703 — у Грэчаскім калегіуме ў Рыме. З 1704 святар. Доктар тэалогіі (1708). Меў тытул папскага капелана. У 1710 вярнуўся ў Беларусь. Быў місіянерам на Полаччыне, візітатарам царкоўных маёмасцей. Потым жыў у Жыровіцкім манастыры. У 1713 стаў архімандрытам гарадзенскім, у 1719 — архіепіскапам смаленскім і северскім. У 1719 вёў судовы працэс супраць Гарадзенскага магістрата (з тытулам «архіепіскап смаленскі і северскі, абат полацкі, гарадзенскі і іншых»). Для яго забеспячэння яму былі перададзены манастыры Ануфрыеўскі і Пустынскі (1719), Полацкі Барысаглебскі (1724) з тытуламі архімандрытаў. Удзельнічаў у Замойскім сінодзе 1720. У час Паўночнай вайны вёў спрэчкі з расійскімі ўладамі наконт царкоўнай прыналежнасці насельніцтва. Расійскі камісар І.Рудакоўскі ў 1724 унёс скаргу ў Трыбунал ВКЛ на архіепіскапа, абвінавачваючы яго ва ўціску праваслаўных; планавалася яго арыштаваць і вывезці ў Расію. У 1726 архіепіскап звярнуўся ў Кангрэгацыю распаўсюджання веры ў Рыме за дадатковымі місіянерскімі паўнамоцтвамі.

Падрабязнасці:

Wolff Józef. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. XXV, 698 s. (S. 486).

АВАК. 1874. Т. 7. № 18. С. 494—496.

Kumor Bolesław. Sokoliński (Drucki Sokoliński) Leon Wawrzуnieс (Laurenty) // PSB. 40/1. S. 54—55.

© Валерый Пазднякоў, 2025

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.