Артыкулы: Друцкі-Сакалінскі (Сакалінскі) Міхаіл

Друцкі-Сакалінскі (Сакалінскі) Міхаіл (?—кастрычнік 1621) — дзяржаўны дзеяч. Маршалак аршанскі з 1591, кашталян віцебскі з 1605, сурагатар гродскі полацкі ў 1613, ваявода полацкі ў 1613—1621.

З роду князёў Друцкіх-Сакалінскіх. Бацька: Міхаіл Васілевіч (?—каля 1559). Маці: Ганна з Рагозаў (?—14.1.1588).

У маладосці служыў у войску.У 1579 ротмістр пешай роты ў Дрысе, потым у Сушы. Удзельнічаў у выправе 1580 на Вялікія Лукі, вызначыўся пры аблозе Усвяцкага замка 14—16.8.1580. У 1589 паборца падаткаў Аршанскага павета. Пасол на сойм 1600; дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1590 і 1594. Удзельнічаў у Смаленскай кампаніі 1609—1611. У час бытнасці полацкім ваяводам адбудоўваў Полацкі замак.

Маёнткі: Саколін, Друцк (Аршанскі павет), Сянно (Віцебскае ваяводства), Несін, Саланевічы, Раўлі, Дакудаў, Саннікі, Камень (Полацкае ваяводства), Бабровічы, Бахрынавічы (Менскае ваяводства) і інш. Трымаў Азярышчанскае стараства (1597—1607).

Вызнаваў праваслаўе, прыхільнік Берасцейскай уніі 1596. Тастаментам 1621 падараваў Полацкаму Барысаглебскаму манастыру в. Саннікі.

Жонка 1-я: Раіна з Корскаў (бацька: Васіль; уладальніца Сянно).

Жонка 2-я: Ганна з Піяноўскіх (бацька: Якуб; уладальніца Паўляў).

Сыны: Крыштаф (?—паміж 14.2.1639 і 10.2.1640); Міхал; Філон, стараста трабскі; Аляксандр; Багдан; Стафан.

Дачка: Крысціна (муж: Януш Кішка).

Падрабязнасці:

Wolff Józef. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. XXV, 698 s. (S. 468, 480—482).

Nagielski Mirosław. Sokoliński (Drucki Sokoliński) Michał // PSB. 40/1. S. 44—46.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom V. Ziemia połocka i województwo połockie. XIV—XVIII wiek / Pod redakcją Henryka Lulewicza. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Andrzej Haratym, Andrej Macuk i Andrej Radaman przy współpracy Witala Hałubowicza i Przemysława P.Romaniuka. Warszawa: Instytut Historii PAN, 2018. 306 s.

© Валерый Пазднякоў, 2025

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.