Артыкулы: Друцкі-Сакалінскі (Сакалінскі) Юрый Паўлавіч

Друцкі-Сакалінскі (Сакалінскі) Юрый Паўлавіч (?—да 10.4.1606) — дзяржаўны дзеяч. Віцебскі падкаморы з 1576, маршалак з 1590; пасол на соймы 1576, 1597, 1603; дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1590.

З роду князёў Друцкіх-Сакалінскіх. Бацька: Павел (?—да лістапада 1576), падкаморы віцебскі, маршалак аршанскі.

У час Інфлянцкай вайны 1558—1582 удзельнічаў, відаць, пад камандай гетмана дворнага ВКЛ Рамана Сангушкі ў бітве пад Сушай у ліпені 1567. У 1568 атрымаў ад бацькі роту, на чале каторай летам 1568 удзельнічаў ва ўзяцці Улы. Удзельнічаў у кампаніях 1579—1581. У 1580 адзін з каралеўскіх рэвізораў вызваленага Полацкага ваяводства. Пасля смерці Стафана Баторыя выступаў за абранне на трон Рэчы Паспалітай эрцгерцага Максіміляна, пасля пагадзіўся з Жыгімонтам ІІІ. У 1590-х г. зблізіўся з ваяводам віленскім і гетманам Крыштафам Радзівілам Перуном. У час вайны са Швецыяй у 1600 быў прызначаны старшым над татарскімі ротамі ВКЛ, удзельнічаў у зімовай кампаніі 1600—1601 у Інфлянтах, у пераможнай бітве пад Какенгаўзенам 23.6.1601.

Вызнаваў кальвінізм. Павялічыў бацькаў фундуш для кальвінскага збора ў Віцебскім Ніжнім замку (1593, 1601). Удзельнічаў у кальвінісцім сінодзе ў Вільні ў 1595, у Віленскім з'ездзе пратэстантаў і праваслаўных у 1599.

Трымаў стараствы Азярышчанскае (1577—1597) і Усвяцкае (1577—1597, 1601—1606).

Маёнткі: Саколін (Аршанскі павет), Лугвінавічы, Рубеж, Бабча, Урода, Свеча, Езяніцы, Мількавічы, Бешанковічы (Полацкае ваяводства), Дрэчылукі (Віцебскае ваяводства), Ульянавічы, Кадзіна (Магілёўская воласць), Друцк.

Жонка: Аляксандра з Валовічаў.

Сыны: Ян (?—1651?), маршалак аршанскі; Яраслаў (?—1601), стараста ўсвяцкі ў 1597—1601.

Падрабязнасці:

Wolff Józef. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. XXV, 698 s. (S. 467—468).

Lulewicz Henryk. Sokoliński (Drucki Sokoliński) Jerzy // PSB. 40/1. S. 39—42.

Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582—1696). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba. Warszawa: DiG, 2007. 469 s.

© Валерый Пазднякоў, 2025

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.