Артыкулы: Друцкі-Сакалінскі (Сакалінскі) Ян Андрыянавіч

Друцкі-Сакалінскі (Сакалінскі) Ян Андрыянавіч (?—паміж 8.6. і 15.7.1630) — дзяржаўны дзеяч.

З роду князёў Друцкіх-Сакалінскіх. Бацька: Андрэй / Андрыян Андрэевіч.

Сакратар каралеўскі з 1604, пісар вялікі ВКЛ у 1608—1630, рэферэндар ВКЛ у 1630; стараста старадубскі ў 1625—1630 (адначасова аўтаматычна войт старадубскі) і стараста мсціслаўскі ў 1627—1630; пасол на соймы 1613, 1621 (яго маршалак), 1623, 1625 (маршалак), 1626, 1627 (маршалак).

Вучыўся ў Віленскай акадэміі. З маладосці звязаны з магнацкай групоўкай Сапегаў. У 1604 ездзіў з місіяй у Рым. Каралеўскі пасол на Галоўны з’езд ВКЛ у Мсцібаве ў 1604. У 1605 удзельнічаў у перагаворах Льва Сапегі з папскім нунцыем Рангоні. У 1606 удзельнічаў у шляхецкім з’ездзе ў Новагародку, які прыняў ухвалу ў падтрымку караля Жыгімонта ІІІ. У 1607—1608 удзельнічаў у пасольстве ў Маскву, каб дабіцца звальнення палякаў і літвінаў, трапіўшых у палон пасля забойства Лжэдзмітрыя. У 1609—1611 на чале казацкай роты ўдзельнічаў у выправе Жыгімонта ІІІ на Смаленск і захопе горада. У 1612 удзельнічаў у паходзе на Маскву.

Маёнткі: Каменна, Андрыянавічы, Сянно (Віцебскае ваяводства), Задарожжа (з 1606, каралеўшчына), Глінскія, Куркаўшчына, Бешанковічы, Камень-Астроўна (Полацкае ваяводства), Мархабаў (Раўскае ваяводства), стараствы Арлянскае (прыкладна з 1611), Даўгоўскае і Пералайскае (з 1612). Сянно і Бешанковічы былі прададзены ў 1630 Льву Сапегу дачкой С. — Элеанорай і яе мужам.

Жонка: Ганна з Залускіх (1-ы муж: Арнальф Уханскі, стараста даўгоўскі).

Сын: Міхал (канонік смаленскі).

Дачка: Элеанора (муж: Мікалай Ваўрынцавіч Адравонж на Хлявісках Хлявіцкі (?—1661), кашталян малагошчаўскі).

Падрабязнасці:

Wolff Józef. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. XXV, 698 s. (S. 458, 475—476).

Nagielski Mirosław. Sokoliński (Drucki Sokoliriski) Jan // PSB. 40/1. S. 35—37.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom IV. Ziemia smoleńska i województwo smoleńskie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk. Warszawa: DiG, 2003. 412 s.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom IX. Województwo mścisławskie. XVI—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Henryk Lulewicz, Tomasz Jaszczołt, Andrej Radaman, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrej Macuk, Adam Danilczyk i Andrzej Haratym. Warszawa: Instytut Historii PAN, 2019. 262 s.

Пазднякоў Валерый. Набыццё Львом Сапегам маёнтка Бешанковічы ў 1630 г. // Бешанковіцкі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна. Зборнік навуковых артыкулаў. Мінск: Беларуская навука, 2025. С. 90—101, іл.

© Валерый Пазднякоў, 2025

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.