Артыкулы: Даўмонт-Сясiцкi (Сясiцкi) Казiмiр Уладзiслаў / Крыштаф

Даўмонт-Сясiцкi (Сясiцкi) Казiмiр Уладзiслаў / Крыштаф (?—26.5.1691) — дзяржаўны і ваенны дзеяч. Вiлькамiрскi падстолi ў 1650—1661?, харужы ў 1659, 1661—1667, стараста ў 1670—1673, кухмiстр ВКЛ з 1667.

З шляхецкага роду герба «Галава буйвала». Бацька: Каспер Мальхеравiч з Даўмонта Сясіцкі (?—1620), падкаморы вiлькамiрскі. Маці: Ганна Якубаўна Андрыеўская. Брат: Мальхер (?—1638), маршалак вiлькамiрскi.

З маладосцi служыў у войску ВКЛ. Відаць, удзельнiчаў у Смаленскай вайне з Расiяй 1632—1634, ваяваў з казакамi Б.Хмяльнiцкага. Магчыма, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1638, пасля ў 1644, 1649, 1676 (яго маршалак). Удзельнічаў у Віленскай канвакацыі 1648, элекцыйным сойме 1648. Ваяваў з казакамi Багдана Хмяльнiцкага. Прыхiльнiк бiржанскай (кальвiнiсцкай) лiнii Радзiвiлаў, з iмi падпiсаў акт Кейданскай уніі 1655 адносна унiі ВКЛ са Швецыяй. Стаў адным з кіраўнікоў антышведскага паўстання ў Літве ўвесну 1656. У 1656 палкоўнiк войска ВКЛ, ваяваў са шведамi ў Лiтве, падначалены Вінцэнта Гасеўскага ў час баявых дзеянняў у Прусii i Iнфлянтах. У час вайны з Расiяй 1654—1667 ваяваў у 1660—1661 (пад Вільняй, Браславам) i ў 1663—1664. У 1660—1670-х г. прыхiльнiк магнацкай групоўкi Пацаў, з 1680-х г. — Сапегаў. Галасаваў за абранне каралямi Яна II Казiмiра Вазы, Мiхала Вiшнявецкага i Яна III Сабескага.

Пасол на соймы 1652, 1659 (уключаны ў склад камісіі па разглядзе дагавораў з Расіяй, Швецыяй, Брандэнбургам, казакамі), 1661, 1664—1665, 1667, 1668, 1669, 1670, 1674, 1685.

Фундаваў у 1686 кляштар францысканцаў у Гялванах (Жабаве).

Маёнткi: Даўманцішкі, Сясікі, Ужуросце, Шопава, Гялваны, Пагіры Вайшвідушкі, Азялішкі, Зевялішкі Рагуцішкі, Дубуры, Шукшты (Вiленскае ваяв.), Ламбелі (Троцкае ваяв.), Горнава (Берасцейскае ваяв.).

Трымаў каралеўшчыны: Сонсель, Грос Роп, Кляйн Роп (Інфлянты, з 1658), Інтурка (Віленскае ваяв., з 1667), Любонічы (Рэчыцкі пав.), Сопішча (Любашанскае стараства), Пярцяны (Віленскае ваяв.).

Жонка 1-я (ужо ў 1641): Эльжбета Мантыгайлаўна (?—1673?; 1-ы муж: Мікалай Вяковіч).

Жонка 2-я (ужо ў 1677): Крысціна з Валовічаў (1-ы муж: Юры Геранім Укольскі, падкаморы браслаўскі).

Сын: Міхал Казімір (?—22.10.1713), ваявода менскi ў 1681—1698 i мсцiслаўскi з 1698.

Падрабязнасці:

Rachuba Andrzej. Siesicki (właściwie Dowmont Siesicki) Kazimierz Władysław (też Kazimierz Krzysztof) // PSB. 37/4. S. 366—368.

Rachuba Andrzej. Konfederacja Kmicicowska i Związek Braterski wojska litewskiego w latach 1660—1663. Warszawa, 1989.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom I. Województwo wileńskie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Uładzimira Jemialianczyka i Andreja Macuka. Warszawa: DiG, 2004. 764 s.

Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. I: Okresy bezkrólewi (1572—1576, 1586—1587, 1632, 1648, 1696—1697, 1706—1709, 1733—1735, 1763—1764). / Opracował Henryk Lulewicz. Warszawa: Neriton, 2006. 437 s.

Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582—1696). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba. Warszawa: DiG, 2007. 469 s.

© Валерый Пазднякоў, 2006+

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.