Артыкулы: шкларобства

шкларобства — рамяство па вырабе шкла і рэчаў з яго.

Шкло — штучны матэрыял, расплаў крэмнязёму (пяску) з шклоўтваральнымі рэчывамі — шчолачамі, вокісам свінцу, гліназёмам. Спецыяльныя дадаткі робяць шкло разнакаляровым, непразрыстым, або, наадварот, бясколерным і празрыстым. Шкло вараць у спецыяльных печах (гутах), працэс патрабуе вялікай колькасці паліва, чыстага пяску і паташу (соль калія і вугальнай кіслаты).

На тэрыторыю Украіны і Беларусі шкларобства прыйшло з Візантыі, у 11—13 ст. перажывала тут уздым. Шкларобства ў ВКЛ ранніх часоў невядома. Пперажывала ўздым пачынаючы з 16 ст. Першым значным прадпрыемствам па вырабе шкляных рэчаў была гута ў Вільні (гл. Віленская шкляная гута), заснаваная гаспадарскім дваранінам Марцінам Палецкім паводле прывілея вялікага князя Жыгімонта Аўгуст ад 22.5.1547 (пацверджаны ў 1551). Прывілей прадугледжваў пабудову гуты і манапольны гандаль шклом (акрамя венецыянскага), адначасова былі ўстаноўлены і цэны на шкляныя тавары. Віленскі мяшчане адчувалі ціск манаполіі Палецкага і дамагаліся скасавання гаспадарскага прывілея. На сойме 1585 паміж віленскімі мяшчанамі і Палецкім была заключана дамова, згодна з якой прывілей дзейнічаў толькі на карысць самому Палецкаму і яго жонцы, а далей правы, прадугледжаныя прывілеем, пераходзілі гораду Вільні. У 1599 пісар ВКЛ Яраш Валовіч заснаваў шкляную гуту ў Гародні (гл. Гарадзенская шкляная гута).

Сцвярджэнні, што ў 16—17 ст. дзейнічалі прадпрыемствы па вырабе шкла ў Менску, Віцебску, Полацку, Магілёве, Любчы, Шылавічах (Слонімскі павет), не пацвярджаюцца дакументамі. Паводле археалагічных дадзеных, у 17 ст. сляды вытворчасці шкла фіксуюцца ў Віцебску (ці яго ваколіцах), Мсціславе, у 18 ст. — у Менску, Віцебску, Полацку. Некаторыя шкляныя гуты засноўвалі паны ў сваіх вёсках. Буйнейшыя шкляныя гуты належалі Радзівілам і знаходзіліся ў Налібаках у Новагародскім ваводстве (1720-я г.—1860-я г.) (гл. Налібацкая шкляная гута) і Урэччы каля Слуцка (1730-я г.—1846) (гл. Урэцкая шкляная гута). Гута ў мястэчку Ілья Менскага ваяводства (1749—1806) (гл. Ільянская шкляная гута) належала Салагубам. Радзівілаўскія гуты выраблялі не толькі сталовы посуд і ваконнае шкло, але і вялікія мастацкі аздобленыя рэчы — люстры, жырандолi, падсвечнiкi і інш.; шырока выкарыстоўвалася гравіроўка, роспіс золатам і фарбамі. Шмат шклянога посуду завозілася ў ВКЛ з Польшчы, Рыгі, Караляўца. Шкло з Беларусі вывозілі ў Расію.

Падрабязнасці:

Собаль В.Е., Яніцкая М.М. Шкляны посуд Мінска ХІІ—ХІХ стст. // Помнікі старажытнабеларускай культуры: новыя адкрыцці. Мінск: Навука і тэхніка, 1984. С. 83—91, іл.

Яніцкая М.М., Сташкевіч А.Б. Мсціслаўскае шкло XVI—XIX стст. // Помнікі культуры. Мінск: Навука і тэхніка, 1985. С. 83—93, іл.

Strazdas Kazys. Lietuvos stiklas. Nuo seniausių laikų iki 1940 metų. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1992. 264 p., il.

Шкляныя вырабы // Археалогія Беларусі. У чатырох тамах. Чацвёрты том. Помнікі XIV—XVIII стст. Мінск: Беларуская навука, 2001. 597 с., іл. (С. 349—355).

Маркевич Л.Г. Стеклянные изделия из раскопок Шкловского замка и места Шкловского // Вестник Полоцкого ГУ. Сер. А. 2007. № 7. С. 32—37, ил.

Бубенько Татьяна С. Ремесленная деятельность населения Витебска в XIV—XVIII вв. // Podlaskie Zeszyty Archeologiczne. 2010. № 6. С. 201—226, ил.

Бубенько Т.С. Стеклянная посуда из витебской корчмыХVІІ—ХVІІІ вв. (типология и хронология) // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Выпуск 23. Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Беларусі ў 2009—2010 гадах. Мінск: Беларуская навука, 2012. 387 с., іл. (С. 135—149, ил.).

Курловіч-Бяляўская П.С. Шкляныя вырабы XVI—XIX стагоддзяў з матэрыялаў археалагічных даследаванняў віцебскіх слабод // Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў. Зборнік навуковых артыкулаў ІІ міжнароднай навуковай канферэнцыі (да 20-годдзя археалагічных і этнаграфічных экспедыцый ПДУ) (Полацк, 17—18 красавіка 2014 г.). У дзвюх частках. Частка 1. Наваполацк: ПДУ, 2014. 275 с., іл. (С. 54—64, іл.).

Курловіч-Бяляўская Паліна. Шкляныя вырабы XVI—XIX стст. з тэрыторыі Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі: пытанні гістарыяграфіі // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 2015. Вып. 30. С. 312—319.

Курловіч-Бяляўская П.С. Тэхналогія вытворчасці шкляных сасудаў XVI—XIX стст. з тэрыторыі Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Выпуск 26. Вынікі даследаванняў першабытных і сярэдневяковых помнікаў на тэрыторыі Беларусі (да 120-годдзя з дня нараджэння А.М.Ляўданскага). Мінск: Беларуская навука, 2015. 380 с., іл. (С. 88—96, іл.).

Курловіч-Бяляўская Паліна. Гутнае шкло ў сістэме гандлёвых сувязей Віцебска (да пастаноўкі праблемы) // Середньовічні старожитності центрально-східної Європи. Матеріали XIV Міжнародної студентської наукової археологічної конференції (Чернігів, 17—19 квітня 2015 р.). Чернігів, 2015. 131 с., іл. (С. 55—57, іл.).

Курловіч-Бяляўская П.С. Праблема тыпалогіі шкляных вырабаў Новага часу (па матэрыялах археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі) // Часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гісторыя. 2017. № 1. С. 109—119, іл.

Курловіч П.С., Зыль А.В. Гутныя шкляныя вырабы з Копысі (па матэрыялах раскопак Э.М.Загарульскага ў 1972 г.) // Этнокультурные процессы на территории Беларуси в I—начале II тысячелетия нашей эры. Материалы международной научной конференции, посвященной 90-летию профессора Э.М.Загорульского. Минск, 6—7 декабря 2018 г. Мн.: БГУ, 2018. 211 с., ил. (С. 142—150, іл.).

Курловіч П.С. Сведчанні вытворчасці вырабаў са шкла на тэрыторыі Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі ў другой палове XVI—пачатку ХІХ стагоддзя // МАБ. Вып. 30. Мн.: БН, 2019. С. 104—110, іл. (+е).

Курловіч П.С. Гарадское шкларобства ў XVI—XVIII стагоддзях на тэрыторыі Беларусі (па матэрыялах археалагічных і пісьмовых крыніц) // МАБ. Вып. 31. Мн.: БН, 2020. С. 59—64, іл.

Соловьев А.А. Стекло и гута Полоцкого иезуитского коллегиума конца XVI—начала XIX в. // Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў. Зборнік навуковых артыкулаў ІІ міжнароднай навуковай канферэнцыі (да 20-годдзя археалагічных і этнаграфічных экспедыцый ПДУ) (Полацк, 17—18 красавіка 2014 г.). У дзвюх частках. Частка 1. Наваполацк: ПДУ, 2014. 275 с., іл. (С. 89—102, ил.).

© Валерый Пазднякоў, 2025

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.