Артыкулы: «Аб дванаццаці пакутах»
«Аб дванаццаці пакутах» — беларускі апакрыфічны твор, мясцовая перапрацоўка пашыранага ў праваслаўных народаў Усходняй і Паўднёвай Еўропы апокрыфа «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» (на Русі спісы на царкоўнаславянскай мове вядомы з 12 ст.). Распавядае пра наведванне Багародзіцай у суправаджэнні архангела Міхаіла месцаў, дзе грэшнікі церпяць пакуты за рознага роду грахі. Твор падзяляецца на 12 пакутаў, 1-я пакута — «дрэва жалезнае і на ім галіны вогненныя» (мясца пакут тых, хто нацкоўвае двор на двар, суседа на суседа, сябра на сябра) і г.д. Твор мае дыдактычна-маралізатарскі характар. Апублікаваў Е.Р.Раманаў паводле рукапісаў 18 ст. з Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Больш даўніх спісаў не выяўлена, ва ўкраінскіх перапрацоўках твора 17—18 ст. маюцца беларускія моўныя рысы. У беларускай пісьмовай традыцыі бытаваў да 20 ст.
Публікацыі:
О двенадцати муках // Белорусский сборник. Вып. 5 / Собрал Е.Р.Романов. Витебск, 1891. С. 261—264.
Падрабязнасці:
Назаревський О. «Хожденіе Богородицы по мукамъ» в нових українських списках XVII—XVIII в.в. // Записки Українського Наукового Товариства в Киïві. Киïв, 1908. Кн. 2.
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3. Кн. 2. Мн., 2007. С. 52—53.
© Валерый Пазднякоў, 2025
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


