Артыкулы: Альбрэхт Гогенцолерн
Альбрэхт Гогенцолерн (Albrecht Hohenzollern) (17.5.1490, Ансбах, Германія—20.3.1568) — апошні вялікі магістр Нямецкага ордэна з 1511, першы герцаг Прусіі з 1525.
Трэці сын Фрыдрыха V Брандэнбургскага, маркграфа Брандэнбург-Ансбахскага і Брандэнбург-Кульмбахскага, і Соф’і — дачкі вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра IV Ягелончыка. Быў абраны вялікім магістрам ордэна дзякуючы падтрымцы імператара Максіміляна І. Праводзіў палітыку паступовай секулярызацыі ордэна. У 1519—1521 вёў няўдалую для ордэну вайну з Польшчай (у ёй на польскім баку ўдзельнічалі асобныя атрады з ВКЛ). Альбрэхт наладзіў кантакты з дзеячамі Рэфармацыі (М.Лютэрам, Ф.Меланхтанам), прыняў лютэранства і заснаваў у Каралеўцы першую ў Еўропе лютэранскую епархію. Рэфарармаванне ордэна ў духу лютэранства не падтрымалі нямецкія князі, таму Альбрэхт шукаў падтрымкі ў Польшчы. 8.4.1525 у Кракаве быў падпісаны дагавор, згодна з якім Прусія ператваралася ў герцагства (княства), васальнае ў адносінах да польскага караля, з уласнай дынастыяй Гогенцолернаў. 10.5.1525 Альбрэхт прынёс на кракаўскім рынку васальную клятву польскаму каралю Жыгімонту І. Не маючы сілаў адкрыта змагацца з манархіяй Ягелонаў, Альбрэхт намагаўся ўзмацніць свой уплыў на справы Польшчы і ВКЛ, завязаў кантакты са многімі магантамі, падтрымліваць у гэтых краінах лютэранскія тэндэнцыі і дзеячоў, незадаволеных урадам. Рыхтаваў тут агентаў уплыву, у той жа час высяляў з Прусіі сялян — палякаў і літоўцаў, замяняючы іх на немецкіх каланістаў. Разлічваў пры выпадку стаць рэгентам у Польшчы і ВКЛ пры маладым Жыгімонце Аўгусце. У 1546 прыязджаў у Вільню, каб здабыць дапамогу Ягелонаў у барацьбе пратэстанцкіх князёў Германіі супраць Габсбургаў. Час праўлення Альбрэхта адметны няўстойлівай палітычнай сітуацыяй у Прусіі: наяўнасцю апазіцыі з боку шляхты і мяшчан, сялянскімі паўстаннямі, барацьба паміж 2 групоўкамі лютэранскіх багасловаў.
Трымаў капэлу, інструментальны ансамбль, сабраў вялікую бібліятэку. Клапаціўся аб адкрыцці ў гарадах школ, у 1540 заснаваў гімназію ў Караляўцы, у 1544 — калегіум (Collegium Albertinum) — будучы ўніверсітэт куды запрасіў выкладаць некаторых ліцвінаў і палякаў (А.Кульва, С.Рафаловіч) і дзе атрымалі адукацыю многія літоўскія і беларускія пратэстанты. У 1545 Альбрэхт заснаваў для грамадзян ВКЛ ва ўніверсітэце спецыяльныя стыпендыі. Каб выдаваць кнігі на нямецкай і літоўскай мовах, заснаваў друкарню. Прафінансаваў выданне М.Мажвідам выданне першай кнігі на літоўскай мове — «Катэхізіса» (Каралявец, 1547). У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Каралявец Ф.Скарыну.
Крыніцы:
Herzog Albrecht von Preußen und Livland (1525—1534). Regesten aus dem Herzoglichen Briefarchiv und den Ostpreußischen Folianten / Bearbeitet von Ulrich Müller. Köln; Weimar; Wien: Böhlau Verlag, 1996. (Veröffentlichungen aus den Archiven Preussischer Kulturbesitz. Band 41). VII, 609 S.
Herzog Albrecht von Preußen und Livland (1534—1540). Regesten aus dem Herzoglichen Briefarchiv und den Ostpreußischen Folianten / Bearbeitet von Stefan Hartmann. Köln; Weimar; Wien: Böhlau Verlag, 1999. (Veröffentlichungen aus den Archiven Preussischer Kulturbesitz. Band 49). XIV,513 S.
Herzog Albrecht von Preußen und Livland (1540—1551). Regesten aus dem Herzoglichen Briefarchiv und den Ostpreußischen Folianten / Bearbeitet von Stefan Hartmann. Köln; Weimar; Wien: Böhlau Verlag, 2002. (Veröffentlichungen aus den Archiven Preussischer Kulturbesitz. Band 54). 569 S.
Herzog Albrecht von Preußen und Livland (1551—1557). Regesten aus dem Herzoglichen Briefarchiv und den Ostpreußischen Folianten / Bearbeitet von Stefan Hartmann. Köln; Weimar; Wien: Böhlau Verlag, 2005. (Veröffentlichungen aus den Archiven Preussischer Kulturbesitz. Band 57). LXXIII,562 S.
Herzog Albrecht von Preußen und Livland (1557—1560). Regesten aus dem Herzoglichen Briefarchiv und den Ostpreußischen Folianten / Bearbeitet von Stefan Hartmann. Köln; Weimar; Wien: Böhlau Verlag, 2006. (Veröffentlichungen aus den Archiven Preussischer Kulturbesitz. Band 60). LXX,563 S.
Herzog Albrecht von Preußen und Livland (1560—1564). Regesten aus dem Herzoglichen Briefarchiv und den Ostpreußischen Folianten / Bearbeitet von Stefan Hartmann. Köln; Weimar; Wien: Böhlau Verlag, 2008. (Veröffentlichungen aus den Archiven Preussischer Kulturbesitz. Band 61). LVI, 573 S.
Herzog Albrecht von Preußen und Livland (1565—1570). Regesten aus dem Herzoglichen Briefarchiv und den Ostpreußischen Folianten / Bearbeitet von Stefan Hartmann. Köln; Weimar; Wien: Böhlau Verlag, 2008. (Veröffentlichungen aus den Archiven Preussischer Kulturbesitz. Band 63). 312 S.
Падрабязнасці:
Lohmeyer K. Herzog Albrecht von Preussen. Danzig, 1890.
Tschackert P. Herzog Albrecht von Preussen, als reformatorische Persönlichkeit. Halle, 1894.
Dembiński B. Ostatni mistrz zakonu niemieckiego. Kraków, 1925.
Kardinal Stanislaus Hosius und Herzog Albrecht von Preussen, ihr Briefwechsel über das Konzil von Trient (1560—1562). Münster Westf.: Aschendorff, 1957.
Hubatsch Walther. Albrecht von Brandenburg-Ansbach. Deutschordens-Hochmeister und Herzog in Preussen 1490—1568. Heidelberg, 1960.
Dolezel Stephan Herbert. Das preußisch-polnische Lehnsverhältnis unter Herzog Albrecht von Preußen (1525—1568).Grote; Köln; Berlin, 1967.(Studien zur Geschichte Preussens. Hrsg. von Walther Hubatsch. Band 14).
Tondel Janusz. Biblioteka zamkowa (1529—1568) księcia Albrechta Pruskiego w Królewcu. Toruń: Uniwersytet Mikołaja Kopernika, 1992. 194 s., il.
Szymaniak Wiktor. Polscy i litewscy korespondenci Księcia pruskiego Albrechta Hohencollerna w latach 1525—1548 // Rozprawy z dziejów XVIII wieku: z dziejów komunikacji socjalnej epoki nowożytnej. Toruń: UNK, 1993.
Srebrna Biblioteka ksie̜cia Albrechta Pruskiego i jego żony Anny Marii. Warszawa: Biblioteka Narodowa, 1994.
Скеп’ян Н.А. Узаемаадносіны А.М.Гаштольда з Альбрэхтам Прускім // Веснік МДУ імя А.А.Куляшова. 2007. № 4. С. 42—47.
Wijaczka Jacek. Albrecht von Brandenburg-Ansbach (1490—1568). Olsztyn: Littera, 2010.
Tyszkiewicz Jan. Ostatnia wojna z zakonem krzyżackim 1519—1521. 2 wyd. Warszawa: PWN, 2015. 183 s., il.
Жлутка Алесь. Перапіска прускага герцага Альбрэхта са слуцкім князем Юрыем Сямёнавічам Алелькам у 20—30-х гг. XVI ст. // Беларусь, Слуцкі край і Эдвард Вайніловіч. Матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Слуцк—Мінск, 22—23 верасня 2017 г. Мінск: Медысонт, 2018. С. 77—82.
Gahlbeck Christian. Die Beziehungen Herzog Albrechts in Preußen zu Ungarn, Böhmen und Schlesien (1525—1528). Berlin: Duncker & Humblot, [2017].
© Валерый Пазднякоў, 2025
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


