Артыкулы: Алькеніцкая пушкарня

Алькеніцкая пушкарня — прадпрыемства па вырабе агняпальнай зброі ў Алькеніках у сярэдзіне 16—сярэдзіне 17 ст.

Знаходзілася ў гаспадарскім маёнтку Алькенікі ў Троцкім ваяводстве, у вёсцы Пушкарня, на р. Спінгла. Вядома з 1553, калі ў пушкарні працавала 7 пушкароў. Паводле інвентара 1605, у пушкарні быў вадзяны млын, 4 печы для плаўкі жалеза. Зброя выраблялася з жалеза і бронзы, коўкай і ліццём. У маёнтку адзначаны кавалі, калеснікі, шаўцы і кушняры, якія працавалі на пушкарню. У каралеўскім распараджэнні ад 25.2.1622 па войску ў Інфлянтах адзначалася, што ў ВКЛ няма рамеснікаў для рабення куль для армат, акрамя як кавалёў у 3 вёсках у Алькеніцкай дзяржаве[1]. Пушкарня дзейнічала яшчэ ў 1641. Была разбурана, відаць, у 1655, падчас вайны Расіі з Рэчу Паспалітай 1654—1667.

Падрабязнасці:

Žilėnas V. Šaunamųjų ginklų kalykla Valkininkuose XVI a. // Iš Lietuvių kultūros istorijos. I. Vilnius, 1958. P. 228—233, pav.

Шиляев А.П. Реформа артиллерии ВКЛ при короле Владиславе IV // Беларусь і суседзі: шляхі фарміравання дзяржаўнасці, міжнацыянальныя і міждзяржаўныя адносіны. Зборнік навуковых артыкулаў. Выпуск 7. Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2020. 164 с. (С. 11—14).

© Валерый Пазднякоў, 2025


[1] КМФ-18.1.297. 391.

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.