Артыкулы: батаніка
батаніка, навука пра расліны, адзін з раздзелаў біялогіі. Першапачаткова была шчыльна звязана з практычнымі інтарэсамі земляробства, лясных промыслаў, медыцыны. Аднак ужо ў 12—13 ст. з’явіліся адцягненыя звесткі батанічнага характару ў творах перакладной літаратуры («Фізіёлаг»). З 16 ст. перакладаліся медыцынскія дапаможнікі («Траўнікі», «Лячэбнікі»). На цалкам навуковай аснове Б. у ВКЛ пачала развівацца пасля прыбыця ў 1775 у Гародню Ж.Э.Жылібера, які заснаваў Гарадзенскі батанічны сад (у 1777 налічваў 1200 відаў раслін, у 1780 — 2000 відаў; дзейнічаў да 1781). У 1781 Жылібер пераехаў са сваімі вучнямі ў Вiльню, дзе ў Гал. школе ВКЛ (былая Віленская акадэмія) заснаваў і ўзначалiў кафедру натуральнай гiсторыi i батанiкi, заклаў пры школе батанiчны сад, выдаў на лац. мове абагульняючую працу «Флора Літвы» (1781—82). У цяперашні час у Ін-це батанікі АН Украіны захоўваюцца 4000 лістоў гербарыя Жылібера, з якіх 2400 адносяцца да ваколіц Гародні. У 1780-х г. пачаў працаваць батанік С.Б.Юндзіл (гл. ў арт. Юндзілы), які за кнігу «Апісанне раслін у правінцыі ВКЛ...» (1791) быў узнагароджаны каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім залатым медалём «Заслужаным». У 1785 ён заклаў невял. батанічны сад у Шчучыне.
Літаратура:
Sławiński W. Dr. Jan Emmanuel Gilibert, profesor i założyciel Ogrodu Botanicznego w Wilnie: Pryczynek bio-bibljograficzny do historji Uniwersytetu Wileńskiego // Ateneum Wileńskie. 1925. Z. 9;
Iš mokslų istorijosLietuvoje. Vilnius, 1960. T. 1; Развитие биологии на Украине. Киев, 1984. Т. 1;
Очерки истории науки и культуры Беларуси IX—начала ХХ в. Мн., 1996.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


