Артыкулы: Без-Карніловіч (Бес-Корнилович, Бескорнилович) Міхаіл Восіпавіч
Без-Карніловіч (Бес-Корнилович, Бескорнилович) Міхаіл Восіпавіч [29.9(10.10).1796, г. Магілёў-Падольскі—7(19).1.1862], расійскі гісторык, вайсковы тапограф. Генерал-маёр расійскай арміі. Брат дзекабрыста А.В.Карніловіча. Скончыў 1-ы кадэтскі корпус (1816). Удзельнік рус.-турэцкай вайны 1828—29. У 1831—47 кіраваў тапаграфічнай экспедыцыяй у Мінскай, Наўгародскай, Валынскай, Віцебскай, Магілёўскай губ., Беластоцкай вобл. З 1852 у адстаўцы. Вывучаў дакументы ў дзярж., прыватных, манастырскіх архівах. Аўтар прац па гісторыі Беларусі, якую абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўскай губ., астатнія бел. землі называў Літвой. Продкамі беларусаў лічыў не толькі крывічоў і радзімічаў, але таксама і суседнія плямёны, якія аказалі свой уплыў. Пра беларусаў пісаў як пра самастойны народ («племя») і ставіў іх у «адзін шэраг з суседнімі народамі». Выключнае значэнне надаваў дзяржаўнасці Полацка, лічыў яго цэнтрам крывічоў. Адзначыў згуртаванасць Полацкай зямлі ў 1230—40-я г. у барацьбе супраць крыжакоў, даказваў паходжанне вял. князя літоўскага Віценя з роду полацкіх князёў. Сабраў краязнаўчыя звесткі і даў гіст. даведкі пра Віцебск, Полацк, Лепель, Лукомль, Друцк, Мсціслаў, Магілёў, Люцын, Невель, Оршу, Копысь, Себеж, Чарэю і інш. Выкарыстоўваў звесткі гісторыкаў Я.Длугаша, М.Стрыйкоўскаг, А.Гваньіні, В.Кадлубака, Мацея з Мехава, М.М.Карамзіна і інш. Апісаў помнікі дойлідства, археалогіі і этнаграфіі, побыт бел. сялян.
Творы:
Нашествие литовцев на Устюжину — уездный город Новгородской губернии // Северная Пчела. 1836. № 110;
Военно-историческое обозрение Российской империи. Т. 8. Витебская губерния. СПб., 1852;
Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся. СПб., 1855 (2 изд. Мн., 1995).
Літаратура:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси, XVI в.—30-е гг. ХХ в. Мн., 1996.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


