Артыкулы: Бекеш (Bekiesz, Békés) Каспар
Бекеш (Bekiesz, Békés) Каспар (1520, Трансільванія—7.11.1579), ваенны і паліт. дзеяч. Паходзіў з венгерскага шляхецкага роду. Бацька, Уладзіслаў, віцэ-бан лугоскі і нямецкі, шляхціц з мясцовасці Бекеш (адсюль прозвішча). З 1557 служыў у Трансільваніі пры двары Яна Жыгімонта. У 1565 узначальваў пасольства ў Канстанцінопаль, каб атрымаць ваен.-паліт. дапамогу ад турэцкага султана супраць імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. Падтрымліваў антыгабсбургскі нац.-вызв. рух у Венгрыі. У канцы 1560-х г. уступіў у новую паліт. кааліцыю і падтрымліваў Габсбургаў у імкненні падначаліць сабе Трансільванію (дагавор падпісаны 16.8.1570 у Спіжы). Пасля абрання ў 1571 СтафанаБаторыя князем Трансільваніі ўдзельнічаў у няўдалых паліт. інтрыгах і спрабаваў ваен. шляхам рэалізаваць свае планы ў барацьбе за ўладу. У 1575 яго войскі ўшчэнт разбіты, а досыць значныя зямельныя ўладанні канфіскаваны. Пасля абрання Стафана Баторыя каралём польскім і вял. князем літоўскім Б. памірыўся з ім і ў 1577 стала асеў у Рэчы Паспалітай. Ваен. талентамі і асабістай мужнасцю вызначыўся ў абароне Эльбланга ў 1577 і ў Інфлянцкай вайне 1558—82, у т.л. ў полацкай кампаніі 1579. У час штурму Полацкага замка ўзначальваў венгерскія харугвы і артылерыю. Карыстаўся павагай Стафана Баторыя. Па хадайніцтве мясц. шляхты ў 1579 атрымаў шляхецтва ВКЛ, дадатковыя маёнткі, у т.л. ў Гарадзенскім пав. Вакол яго групаваліся прыхільнікі антытрынітарызму. Калі ён памёр у Гародні, каталіцкая і праваслаўная цэрквы забаранілі хаваць яго на сваіх могілках; пахаваны ў Вільні на Лысай гары, якую пазней назвалі гарой Бекеша. Б. лічылі атэістам, яму нават прыпісваўся ўласны надмагільны надпіс, дзе ён рэзка адмаўляўся ад асн. рэлігійных догматаў: «Усё маю з сябе, не веру ў Бога, Не прагну яго неба, не баюся пекла,… Жыў заўсёды сам па сабе і быў заўсёды старанным. Не турбуюся пра божы суд, Не трывожуся пра цела і тым больш пра душу, Якая памерла разам са мной….». Аднак надпіс датуецца 1649, і хутчэй за ўсё змешчаны на магіле пратэстантамі ў час рэліг. барацьбы з католікамі ў 17 ст. Некат. даследчыкі прыпісваюць аўтарства А.Волану. Паводле новых звестак, Б. вызнаваў арыянства, а перад смерцю нават перайшоў у каталіцызм (ліст папскага нунцыя Дж.А.Калігары ад 25.11.1579).
Літаратура:
Merczyng H. Polscy deiści i wolnomyśliciele Jagiellonów // Przegląd historyczny. 1911. № 3;
SzadeczrkyZ. KornyátiBékésGaspar 1520—1579. Budapest, 1887;
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962. С. 92—99;
BojtárE. KasparasBekešasirjoantkapis: mįslėsirnuomonių skirtumai // Lituanistica. 1990. № 1.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне