Артыкулы: Бельскі павет
Бельскіпавет, Бельская зямля, адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ і Польскім каралеўстве ў складзе Падляшскага ваяводства. У 12—13 ст. землі павета ўваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага княства, у пач. 14 ст., пры вял. князю ВКЛ Гедзіміне, увайшлі ў склад ВКЛ. Б.п. вылучыўся ў 2-й пал. 15 ст. са складу Дарагічынскага павета. Ахопліваў землі ў вярхоўях рэк Нараў і Бебжа з гарадамі Бельск, Бранск, Сараж, Нараў, Высокае, Тыкоцін, Кнышын, Ганязь, Райгорад, Аўгустаў. У 1501 вял. князь ВКЛ Аляксандр выдаў Б.п. прывілей, якім даў мясц. шляхце польскае права на самакіраванне (з абмежаваннямі), у т.л. права абіраць земскі і гродскі суды. Першапачаткова цэнтр павета, месца збору сойміка і судоў — Бельск, аднак хутка яны былі пераведзены ў Бранск. З 1513 Б.п. у складзе Падляшска-Берасцейскага (Падляшскага) ваяв. У павеце дамінавала буйное шляхецкае і дзярж. землеўладанне. Дзярж. Бельскае стараства знаходзілася ў трыманні ў прадстаўнікоў буйнейшых магнацкіх родаў, у 1506—13 — у вял. княгіні Алены Іванаўны, пасля — у А.Гаштольда, у якога ў 1533 стараства выкупіла вял. княгіня Бона (грошы сабрала дробная бельская шляхта, незадаволеная свавольствам Гаштольда). У 1547 бельскай шляхце прадастаўлена поўнае польскае права. Пры заключэнні Люблінскай уніі 1569 Б.п. увайшоў у склад Польскага каралеўства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Прусіі.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


