Артыкулы: Бельскія
Бельскія, княжацкі род, галіна Гедзімінавічаў. Паходзілі ад кн. Уладзіміра Альгердавіча, які меў сыноў Аляксандра — родапачынальніка Алелькавічаў, Івана — родапачынальніка Б., і Андрэя Уладзіміравіча. Прозвішча Б. паходзіць ад г. Белы на р. Обша, якім валодаў Іван Уладзіміравіч (час падаравання яму горада невядомы). Род згас у 1612 у Расіі. Найб. вядомыя:
Іван Уладзіміравіч (?—пасля 4.2.1448), сын Уладзіміра Альгердавіча. У час феадальнай вайны 1432—39 падтрымліваў Жыгімонта Кейстутавіча, але, калі Свідрыгайла ўзяў у заложнікі яго жонку, быў вымушаны перайсці на яго бок. У Вількамірскай бітве 1435 трапіў у палон да Жыгімонта. У 1444—45 служылы князь у Вял. Ноўгарадзе. 4.2.1448 яго войска напала на г. Ржэва, дзе знаходзіўся вял. князь цвярскі Барыс Аляксандравіч, і з дапамогай мясц. жыхароў захапіла горад, аднак Барыс здолеў уцячы. Хутка горад быў вернуты Цвярскому княству. У шлюбе з Васілісай (Васай), дачкой кн. А.Гальшанскага і сястрой Соф’і Гальшанскай (жонкі Ягайлы), меў сыноў Івана, Януша, Фёдара і Сямёна, дачок Ганну (жонка цешынскага кн. Баляслава), Агнешку (жонка І.Хадкевіча) і яшчэ дзвюх (жонкі кн. І.В.Астрожскага і кн. Дз.Ф.Адзінцэвіча).
Фёдар Іванавіч (?—пасля 1506), сын Івана Уладзіміравіча. У 1476 разам з інш. князямі і панамі ВКЛ падпісаў ліст кіеўскага мітрапаліта Місаіла да рымскага папы Сікста IV з прапановамі аб устанаўленні царк. уніі. Быў у апазіцыі да вял. кн. ВКЛ Казіміра. Удзельнічаў у змове 1481, на другі дзень пасля шлюбу з Ганнай, дачкой кн. С.Р.Кобрынскага, быў вымушана ратавацца ўцёкамі ў Маскоўскай дзяржаве. Маёнткі Фёдара ў ВКЛ адышлі да вял. князя, а пасля былі падараваны яго брату Сямёну. У Расіі Фёдар атрымаў прыгранічныя воласці Дземан і Марэва, пасля — гарады Лух, Вічуга, Кінешма, Чыхачоў. У 1485 удзельнічаў у паходзе вял. князя маскоўскага на Цвер. Яго спробы выклікаць жонку ў Расію вынікаў не далі. У 1492 абвінавачаны ў спробе вярнуцца ў ВКЛ і сасланы ў Галіч. У 1497 памілаваны, у 1498 ажаніўся з разанскай князёўнай Ганнай Васілеўнай, пляменніцай вял. кн. Івана ІІІ Васілевіча. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 у 1502 удзельнічаў у беспаспяховай аблозе Смаленска. Удзельнік паходаў на Казань 1499 і 1506.
Сямён Іванавіч (?—паміж 1507 і 1522), сын Івана Уладзіміравіча. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ пры вял. князях Казіміру і Аляксандру. Валодаў гарадамі Белы, Смаляны, Рослаў і інш. Незадаволены сваім становішчам у ВКЛ, у 1499 перайшоў разам з г. Белы на бок вял. князя маскоўскага Васіля ІІІ, што стала адной з прычын вайныМасквы з ВКЛ 1500—03, у якой Сямён удзельнічаў у 1501—03. У шлюбе з Ірынай, дачкой кн. І.Ю.Патрыкеева (з Нарымунтавічаў) дзяцей не меў.
Сямён Фёдаравіч (?—пасля 1541), сын Фёдара Іванавіча. Баярын з 1521—22. У час вайны Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1534—37 у жн. 1534 разам з І.В.Ляцкім уцёк у ВКЛ. Атрымаў ад вял. кн. ВКЛ Жыгімонта Аўгуста маёнткі Жыжморы, Стаклішкі і Кармялаў. Заклікаў вял. князя да актыўных баявых дзеянняў, разлічваючы атрымаць вял. ўладанні ў Расіі. У 1535 удзельнічаў ва ўзяцці Гомеля і Старадуба. Незадаволены набыткамі, выказваўся супраць вял. князя ВКЛ, за што быў на кароткі час зняволены. Адпрасіўся ў паломніцтва ў Святую Зямлю, у 1537 выехаў у Турцыю, пасля ў Крым, адкуль падбіваў Жыгімонта Аўгуста на вайну супраць Расіі, каб захапіць сабе гарады Белы і Разань. У 1539 прыехаў у ВКЛ, з 1540 зноў у Крыме, дзе ўдзельнічаў у заключэнні саюза ВКЛ і Крымскага ханства супраць Масквы. Быў правадніком крымцаў у час паходу 1541 на Маскву, але войска ВКЛ татараў не падтрымала. Далейшы лёс невядомы.
Дзмітрый Фёдаравіч (1499—11.1.1551), сын Фёдара Іванавіча. У 1519 удзельнічаў ва ўзвядзенні на трон казанскага хана Шах-Алі. У 1526 шафер на вяселлі вял. кн. Васіля ІІІ з А.Глінскай. Не пазней за 1528 атрымаў тытул баярына. Прызначаны Васілём ІІІ рэгентам пры малалетнім Іване IV. У 1520—40-х г. удзельнічаў у баях з крымскімі і казанскімі татарамі.
Іван Фёдаравіч (?—май 1542), сын Фёдара Іванавіча. У 1524 і 1530 ваяваў супраць казанскіх татараў. З 1534 баярын. З ліп. 1540 узначальваў баярскае праўленне, пры малалетнім Іване IV да студз. 1542 быў яго «першарадцам». Забіты паводле загаду Шуйскіх на Белавозеры.
Іван Дзмітрыевіч (?—24.5.1571), сын Дзмітрыя Фёдаравіча. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 удзельнічаў у 1562—63 у захопе Полацка. З 1560 баярын. З 1565 адзін з кіраўнікоў Баярскай думы ў Земшчыне. Удзельнік Земскага сабора 1566. Загінуў пры набегу крымскіх татараў на Маскву.
Георгій Іванавіч (?—4.10.1612), сын Івана Іванавіча, унук Івана Фёдаравіча. Прыняў манаства з імем Галакціён. Забіты ў скіце пад Волагдай жаўнерамі Рэчы Паспалітай. Апошні прадстаўнік роду Б.
Акрамя Б.-Гедзімінавічаў, у Расіі існаваў род князёў Б.-Рурыкавічаў, а ў Рэчы Паспалітай — некалькі шляхецкіх родаў Б.
Літаратура:
Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895;
Зимин А.А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV—первой трети XVI в. М., 1988.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


