Артыкулы: Берасцейская рымска-каталіцкая епархія
Берасцейская рымска-каталіцкая епархія, адм.-тэр. адзінка рымска-каталіцкай царквы. Каля 1628 біскупы Луцкай рымска-каталіцкай епархіі пачалі тытулавацца «біскуп луцкі і берасцейскі». Каля 1717 створаны Берасцейскі архідыяканат Луцкай епархіі. У 1726 епархіяльны сінод на аснове архідыяканату стварыў Б.р.-к.е. ў складзе 8 дэканатаў [цэнтры — Бельск, Бранск, Венграў, Дарагічын, Камянец, Лосіцы, Шарашова (пасля Міжрэчча), Янаў], яна налічвала 118 парафій у Берасцейскім пав. і Падляшскім ваяв. З-за таго, што епархія створана не папскай уладай, яе капітул (створаны ў 1746 пры калегіяце ў Янаве) не меў паўнамоцтваў кафедральнага. Не мела ўласнай кафедры. Луцкі біскуп А.Нарушэвіч у 1793 стварыў на аснове Б.р.-к.е. Берасцейскі суфраганат з уласным біскупам (суфраганам луцкага біскупа), якім у 1795 прызначаны А.Клакоцкі. У 1795 тэрыторыя Б.р.-к.е. падзелена паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй, у 1799—1805 яе часткі далучаны да інш. епархій.
Літаратура:
Wernerоwa W. Szkice kartograficzne Karola de Pertheesa z obszaru diecezji brzesko-łuckiej // Religie. Edukacja. Kultura. Lublin, 2002.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


