Артыкулы: Бжастоўскія

Бжастоўскія, шляхецкі род герба «Стрэмя». Паходзілі з Малой Польшчы, у 1-й пал. 17 ст. аселі ў ВКЛ. Адна галіна роду ў 1798 атрымала ў Прусіі графскі тытул, які ў 1846 пацверджаны ў Расіі. Найб. вядомыя:

Цыпрыян Павел (1612—8.6.1688), сын Яна. Рэгент вял. канцылярыі ВКЛ у 1640—50, стольнік віленскі з 1642, пісар дэкрэтавы ВКЛ у 1645—50, рэферэндар ВКЛ у 1650—81, пісар вялікі ВКЛ у 1657—72, кашталян троцкі ў 1681—84, ваявода троцкі з 1684; стараста мядзельскі, ашмянскі, субоцкі, аранскі, азяцкі, даўгоўскі, быстрыцкі. Шматразова выбіраўся паслом на соймы. Адзін з відных дыпламатаў ВКЛ, які курыраваў дачыненні з Расіяй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у перагаворах з маскоўскімі пасламі ў Нямежы ў 1658, у Андросаве ў 1663—64, у заключэнні Андросаўскага перамір’я 1667. Пасол у Маскву ў 1671—72, 1679.

Эмануэль (?—20.12.1689), сын Цыпрыяна Паўла. Пісар вялікі ВКЛ з 1683.

Канстанцін Казімір (1644—24.10.1722), сын Цыпрыяна Паўла. Канонік віленскі з 1661, кафедральны прапаведнік з 1664. У 1665 выехаў на вучобу ў Рым, дзе атрымаў ступень д-ра тэалогіі (1669). Сакратар духоўны ВКЛ у 1670—84, біскуп смаленскі ў 1684—87 і віленскі з 1687. У 1689 дамогся смяротнага прыгавору для К.Лышчынскага. У 1690-я г. ўступіў у востры канфлікт з пануючай у ВКЛ групоўкай Сапегаў (прычынай было размяшчэнне ў 1692 вял. гетманам ВКЛ К.Я.Сапегам войска на зіму ў касцельных маёнтках). Біскупа падтрымаў кароль Ян ІІІ Сабескі, які імкнуўся аслабіць уплыў Сапегаў у ВКЛ. У 1694 біскуп пракляў Сапегаў, але рымскі папа выступіў супраць абвастрэння канфлікту, які вёў да разгортвання феадальнай вайны 1697—1702 паміж шляхтай і Сапегамі. У 1697 заключыў кампраміснае пагадненне з Сапегамі. У час Паўночнай вайны 1700—21 падтрымліваў караля Аўгуста ІІ, але пасля далучыўся да Віленскай канфедэрацыі. У 1713 запрасіў у Вільню рахітаў, у 1722 — піяраў, якія адчынілі калегіум. Падтрымліваў уніяцкую царкву ў ВКЛ, абараняў яе перад рас. царом Пятром І. Аўтар тэалагічных твораў.

Ян Уладзіслаў (1646—29.9.1710), сын Цыпрыяна Паўла. Пісар вялікі ВКЛ у 1672—98, рэферэндар ВКЛ у 1681—1705, кашталян троцкі з 1705; стараста субоцкі з 1669, азяцкі 1674, мядзельскі, даўгоўскі, аранскі, быстрыцкі. З 1674 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Удзельнічаў у вайне шляхты супраць Сапегаў.

Антоній (30.4.1666—25.9.1718), сын Цыпрыяна Паўла. У 1684 уступіў у ордэн езуітаў. Прэфект пабудовы езуіцкай рэзідэнцыі ў Менску ў 1703—04, яе суперыёр у 1704—14, рэктар Менскага езуіцкага калегіума ў 1714—17.

Канстанцін Бенядзікт (?—да 12.11.1722), сын Яна Уладзіслава. Пісар вялікі ВКЛ у 1705—07 і 1711—15, кашталян мсціслаўскі з 1715; стараста мядзельскі.

Юзаф (?—сак. 1745), сын Яна Уладзіслава. Пісар вялікі ВКЛ з 1715; стараста быстрыцкі.

Міхал (1722—3 або 21.5.1784), сын Канстанціна Бенядзікта. Падарожнічаў па Германіі, Італіі, служыў у франц. арміі. Пасля вяртання атрымаў чыны палкоўніка і шамбяляна (1749). У 1746—64 шмат разоў выбіраўся паслом на соймы. Харужы пяцігорскі, гусарскі, ген.-лейтэнант пяхоты (1753), пісар вялікі ВКЛ у 1758—62, канюшы ВКЛ у 1762—64, падскарбі ВКЛ з 1764; стараста аранскі з 1751, ашмянскі ў 1765—70, пунскі з 1766.

Адам (1722—90), сын Канстанціна Бенядзікта. Скончыў Віленскі піярскі калегіум. Пасол на соймы 1738 і 1744, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1758. Ген.-маёр кавалерыі (1748), потым ген.-лейтэнант пяхоты, кашталян полацкі ў 1758—76, чл. Скарбовай камісіі ВКЛ (1766); стараста даўгоўскі, маладкоўскі, мсцібаўскі з 1763, сакалоўскі, ваўкавыскі ў 1766—79. Далучыўся да Радамскай, потым — да Барскай канфедэрацыі, пасля яе паражэння эміграваў у Саксонію. Вярнуўся ў 1773, адышоў ад паліт. дзейнасці.

Станіслаў (2.3.1733, мяст. Ваўкалата Ашмянскага пав.—8.4.1769), сын Юзафа. Палкоўнік пяцігорскі, шэф палка булавы вялікай ВКЛ, ваявода інфлянцкі з 1767; стараста радашковіцкі, прапойскі, быстрыцкі. Маршалак Радамскай канфедэрацыі ў ВКЛ у 1767. Выступаў супраць Барскай канфедэрацыі.

Павел Ксаверый (30.3.1739, мяст. Мосар Ашмянскага пав.—17.11.1827), сын Юзафа. З 1758 вучыўся ў Рыме ў Калегіум Кліменцінум. Канонік віленскі ў 1755—73, пісар вялікі ВКЛ у 1762—74, святар з 1763, рэферэндар духоўны ВКЛ у 1774—87, архідыякан віленскі з 1823. Мецэнат, фінансаваў выданне кніг езуіцкай, піярскай і базыльянскай друкарнямі ў Вільні. Пераклаў з італьян. мовы кн. «Навука для новых спаведнікаў» («Naukadlanowychspowiedników», Вільня, 1765—66), з франц. мовы кнігі Б.Грасіяна «Універсальны чалавек» («Człowiekuniwersalny», Вільня, 1765) і Дзюамеля дзю Мансо «Праца аб сельскай гаспадарцы» («Dziełoorolnictwie», т. 1—2, Вільня, 1770—73). Аўтар кн. «Генеалагічныя паведамленні аб доме Бжастоўскіх» («Wiadomość genealogicznaodomieBrzostowskich», на розных мовах, 1776, 1796, 1818). У 1767 набыў маёнтак Мерач у Віленскім пав. (перайменаваў яго ў Паўлава), дзе правёў радыкальныя сац.-эканам. рэформы, увёў самакіраванне сялян (гл. Паўлаўская рэспубліка). Рэформы апісаў у кн. «Уставы для добрага парадку і павіннасцей аселых людзей у маёнтку Паўлава ці Мерач, прадпісаныя ў 1771 г.» («Ustawystosującesię dodobregoporządkuipowinnościosiadłychludziwdobrachPawłowieczyliMereczu, przepisaner. 1769», Вільня, 1771, 2-е выд. 1791), «Лісты ананіма, якія апісваюць камісію вольных паўлаўскіх валашчан са сваім дзедзічам, ксяндзом Бж., экс-рэферэндарам ВКЛ» («Listyanonima, opisującekomisją wolnychwłościanpawłowskichzdziedzicemswoim, ks. Brz., eks-referendarzemWXL», без месца і года выдання). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) прадаў Паўлава, жыў у Дрэздэне, Рыме. Пасля вяртання пробашч у Рукойнях каля Вільні.

Роберт (7.6.1748, мяст. Міхалішкі Віленскага пав.—пасля 1795), сын Юзафа. Каралеўскі шамбялян, палкоўнік гусарскі, пяцігорскі, чашнік ВКЛ у 1787—91, кашталян полацкі з 1791, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1791.

Міхал Геранім (17.4.1762, г. Нясвіж—1806), сын Станіслава. Скончыў Берасцейскі піярскі калегіум. Стараста менскі з 1787. Пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92, прыхільнік рэформ. У час праўлення Таргавіцкай канфедэрацыі арыштаваны. Удзельнік паўстання 1794, чл. Найвышэйшай Літоўскай рады (уваходзіў у склад дэпутацыі бяспекі). Пасля 1795 маршалак шляхты Завілейскага пав., з 1801 — Віленскай губ.

Аляксандр (?—1820), сын Адама. Стараста ваўкавыскі ў 1779—83, сакалоўскі з 1783, кашталян мазавецкі з 1790. Пасол на сойм 1776, з 1790 — на Чатырохгадовы сойм 1788—92, прыхільнік рэформ. У 1798 атрымаў ад прускага караля графскі тытул.

Міхал (?—1800), сын Адама. Служыў у франц. арміі. Стараста пунскі, даўгоўскі, аранскі, каняўскі. Пасол на соймы 1782, 1784. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794. 12.4.1794 арыштаваны ў Вільні, вывезены ў Смаленск, у 1795 адпушчаны на парукі.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.