Артыкулы: бібліятэка Гарадзенскага кляштара дамініканцаў
бібліятэка Гарадзенскага кляштара дамініканцаў. Існавала пры Гарадзенскім кляштары дамініканцаў у 17—сярэдзіне 19 ст. Была адной з найбуйнейшых у Беларусі і Літве ў 18—1-й пал. 19 ст., налічвала да 15 тыс. выданняў, пачынаючы з 16 ст. Адкрыццё (пасля скасавання ў 1773 ордэна езуітаў) пры кляштары павятовай школы Адукацыйнай камісіі, якая мела механічны, мінералагічны і фізічны кабінеты, патрабавала наяўнасць вял. колькасці вучэбнай літаратуры. Б-ка папаўнялася шляхам куплі кніг, атрымання прыватных кнігазбораў у спадчыну ад манахаў, падараванняў з боку свецкіх і духоўных асоб (манахаў, навучэнцаў). Так, доктар тэалогіі Гілярый Помян і Зыгмунт Гілярый Піскоўскі ў 1762 перадалі ў б-ку 600 тамоў 17—18 ст. па тэалогіі, кананічнаму праву, філасофіі, прыродазнаўству на лац., польскай і інш. мовах. Вял. кнігазбор ахвяраваў кляштару яго настаяцель Дамінік Сівіцкі (1762). У 1773 у дамініканскі кляштар перададзены кнігазбор гарадзенскіх езуітаў, у склад якога ўваходзілі і кнігі з б-кі караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста з яго суперэкслібрысам. У склад дамініканскай б-кі трапілі кнігі са збраў віленскіх і гарадзенскіх кармелітаў, шчучынскіх піяраў, гарадзенскіх францысканцаў і бернардзінцаў, розных езуіцкіх устаноў Беларусі, віленскага біскупа Мікалая Стафана Паца, віленскага суфрагана Георгія Альбінуса, каноніка Барталамея Вышамірскага, прафесара Віленскай акадэміі Францішка Мільканта Нарвойша. У б-цы было шмат кніг па кананічным і свецкім праве, філасофіі, гісторыі, геаграфіі, матэматыцы, батаніцы, творы антычных аўтараў, слоўнікі. Віленскі гравёр Францішак Вацлаў Бальцэвіч выканаў для б-кі спец. экслібрыс. Пасля скасавання кляштара (1833) частка яго б-кі перададзена ў Гродзенскую гімназію, адкуль у сярэдзіне 19 ст. некаторыя старажытныя выданні аддадзены ў Віленскі музей старажытнасцей. Рэшта дамініканскай б-кі захоўваецца ў Гродзенскім дзярж. гісторыка-археалагічным музеі.
Літаратура:
Шоцік В.Гісторыя і лёс бібліятэкі кляштара дамініканцаў у Гародні // Гіст. альманах. Гародня, 2002. Т. 6;
Яе ж. Фрагменты бібліятэкі гродзенскіх дамініканцаў у кнігазборы ГДГМ // Матэрыялы Другіх кнігазнаўчых чытанняў «Кніжная культура Рэчы Паспалітай» (Мінск, 15—16 верасня 2000 г.). Мн., 2002.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


