Артыкулы: Білевічы

Білевічы, Бялевічы, шляхецкі род уласнага герба «Магіла». Родапачынальнік — жамойцкі баярын Жадзейка (упамінаецца ў 1418), які меў сыноў Білюса і Маствілу (родапачынальнік Маствіловічаў). Ад сына Білюса Доўгірда пайшоў род Доўгірдаў, ад Івашкі — род Станкевічаў, ад Юшкі і Андрушкі — Б. Родавыя маёнткі Б. ляжалі каля Расейнаў і Шаўкотаў. Першапачаткова вызнавалі каталіцтва, у 16 ст. аднымі з першых у ВКЛ прынялі лютэранства і кальвінізм, пасля прадстаўнікі роду пераходзілі ў каталіцтва.

Найб. вядомыя:

Ян (?—пасля 1546), сын Станіслава. Намеснік жамойцкі, цівун дырвянскі і біржанскі. Стаў першым паслядоўнікам вучэння М.Лютэра ў ВКЛ. Гэтаму садзейнічалі яго сувязі з прускім герцагам Альбрэхтам, на службу да якога ў 1543 быў прыняты яго сын Мікалай (па пратэкцыі віленскага ваяводы Я.Ю.Глябовіча). Па даручэнні герцага Ян апекаваўся першым тэолагам-лютэранінам у ВКЛ А.Кульвяцом. У 1546 герцаг прасіў Яна знайсці некалькі вучоных мужоў, што ведалі літ. мову, для заснавання ў Прусіі евангелічных парафій для літоўцаў. Сярод пасланых у Прусію Янам дзеячаў, відаць, быў і М.Мажвідас.

Войцех (?—1599?), сын Юрыя. Цівун шадаўскі ў 1569—99, маршалак гаспадарскі ў 1592—93.

Тэадор (?—пасля 1697), сын Стафана. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, дзе выдаў працу «Трайная філасофія, рацыянальная, натуральная і маральная» («Triplexphilosophia, rationalis, naturalisetmoralis»). У 1674 удзельнічаў у абранні на трон Яна ІІІ Сабескага, у хуткім часе стаў стольнікам жамойцкім, пасля цівун вялікадырвянскі і суддзя земскі жамойцкі. У 1677—78 падарожнічаў па Германіі, Чэхіі, Італіі, Францыі, Галандыі, Англіі, вёў падрабязны дзённік (частку апублікаваў Б.Альшэвіч у 1929 у Познані). У 1697 удзельнічаў у абранні на трон Аўгуста ІІ.

Тадэвуш (каля 1728—12.8.1788), сын Аляксандра Ежы. Вучыўся ў Караляўцы. Шамбялян двара Аўгуста ІІІ, стараста вайнюцкі, цівун эйрагольскі і вялікадырвянскі; 3 разы выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У 1771 далучыўся да Барскай канфедэрацыі і стаў маршалкам жамойцкім. Разам з братам Тэадорам узначаліў у Жамойці рух у падтрымку барскіх канфедэратаў, пасля перайшоў на бок караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Быў паслом на соймы 1776 і 1780 (?). Мсціслаўскі кашталян у 1783—86 і ваявода ў 1786—88, кашталян троцкі з 1788, чл. Пастаяннай Рады.

Літаратура:

Памятники философской мысли Белоруссии XVI—первой половины XVIII в. Мн., 1991. С. 154—163;

Saviščevas E. Bilevičių kilmė ir genealogija (XV—XVI a.) // Lituanistica. 2001. № 4.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.