Артыкулы: Біржанскае княства

Біржанскае княства, буйны маёнтак князёў Радзівілаў. Цэнтр — г. Біржы. Пачало складвацца з сярэдзіны 15 ст., калі Біржамі і вакольнымі землямі ўжо валодалі Радзівілы. Пасля атрымання ўладальнікам Біржанскага маёнтка М.Радзівілам Рудым тытула князя Свяшчэннай Рымскай імперыі (1547) ён пачаў звацца князем «на Біржах і Дубінках». Біржанскі маёнтак на працягу 16 ст. хутка павялічваўся шляхам скупкі навакольных зямель. Тэрмін «Б.к.» ўзнік, відаць, у пач. 17 ст. Землі княства ляжалі ў Вількамірскім і Упіцкім паветах. У склад Б.к. ўваходзілі мястэчкі Анікшты, Дубінкі, Кейданы і інш., шмат вёсак і фальваркаў. У 1674 у княстве больш за 50 фальваркаў, 529,5 валокі ворнай зямлі, у 1682 — 660,5 валокі, у 1708 — 1067 валок. У 1731 княства перайшло да нясвіжскай лініі Радзівілаў, у 1811 прададзена Тышкевічам. У Б.к. існавала ўласная адміністрацыя Радзівілаў. З сярэдзіны 16 ст. вядомы біржанскія старасты (намеснікі), з сярэдзіны 17 ст. — генеральныя аканомы, адміністратары і губернатары, якія падначальваліся радзівілаўскай адміністрацыі ў Слуцку, а пасля ў Нясвіжы. Ніжэйшы ўзровень адміністрацыі складалі падстарасты, цівуны, войты, дзесятнікі. У княстве існаваў патрыманіяльны суд Радзівілаў, які судзіў сялян, залежную шляхту, баяр, яўрэяў, караімаў і інш.; меў права выносіць смяротныя прыгаворы. Залежная ад Радзівілаў біржанская шляхта адпраўлялася на вайну не ў складзе павятовых харугваў, а ўтварала асобную Біржанскую харугву.

Літаратура:

Tyszkiewicz E. Birże: Rzyt oka na przeszłość miasta, zamku i ordynacyi. St.-Petersburg, 1869;

YčasJ. Biržai:Tvyrtove, miestasirkunigaikštystė. Kaunas, 1931;

Biržų dvaro teismo knygos 1620—1745. Vilnius, 1982.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.