Артыкулы: Біржышкá Мікалас (Міхал) (Biržiška Mykolas)

Біржышкá Мікалас (Міхал) (Biržiška Mykolas) (24.8.1882, мяст. Векшняй, Акмянскі р-н, Літва—24.7.1962) — літоўскі палітычны і культурны дзеяч.

Брат Вацлаваса Біржышкі.

Скончыў гімназію ў Шаўлях (1901), Маскоўскі ўніверсітэт (1907). З 1905 член Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы. У 1908 рэдактар часопіса «Žarija» («Жар»), у 1908—1909 працаваў у рэдакцыі газеты «Vilniaus žinios» («Віленскія весці»), у 1910—1911 рэдактар сацыял-дэмакратычнага часопіса «Visuomenė» («Грамадства»), адначасова ў 1909—1915 працаваў у зямельным банку ў Вільні. З 1908 удзельнічаў у дзейнасці Літоўскага навуковага таварыства (яго віцэ-старшыня). З 1917 член Літоўскай Тарыбы. У 1918—1919 міністр асветы часовага літоўскага ўрада. У 1919—1920 рэдактар літоўскай газеты ў Вільні «Głos Litwy» («Голас Літвы», на польскай мове). У 1919—1922 старшыня Часовага камітэта вільнюскіх літоўцаў. Заснаваў і быў дырэктарам літоўскай гімназіі ў Вільні (1915—1922). У 1922 высланы польскімі ўладамі з Вільні. У 1922—1939 прафесар Каўнаскага ўніверсітэта, у 1926—1927 яго рэктар. У 1925—1935 старшыня Саюза вызвалення Вільнюса, у 1929—1935 — Літоўскага таварыства па вывучэнні культуры народаў СССР. У 1939—1943 прафесар і рэктар Вільнюскага ўніверсітэта, у 1940 — дырэктар Інстытута літуаністыкі. У 1941—1946 акадэмік АН ЛітССР. З 1944 у эміграцыі ў Германіі (у 1946—1949 выкладаў у Прыбалтыйскім універсітэце ў Гамбургу), з 1949 у ЗША.

Працы па гісторыі літоўскай літаратуры і культуры, фалькларыстыцы. Даследаваў літоўскія народныя песні — дайны. Выдаў манаграфічныя даследаванні пра А.Баранаўскаса і К.Данелайціса. Вынікі даследавання старабеларускай літаратуры ў ВКЛ падвёў у артыкуле «Беларуская літаратура», змешчаным у 9-м томе «Літоўскай энцыклапедыі» (1941). Адзначаў высокую ролю старабеларускай мовы ў ВКЛ. Для «Літоўскай энцыклапедыі» напісаў шмат артыкулаў пра палітычных і культурных дзеячоў («Чацкія», «Чапскія», «Чартарыйскія», «Чачоты», «Хадкевічы», «Ходзькі», «Хамінскія» і інш.). Аўтар падручнікаў, мемуараў. Разам з В.Біржышкам выдаў працу С.Даўкантаса «Гісторыя старажытных літоўцаў і жамойтаў» («Darbaisenųjų lietuvių ir žemaičių», Каўнас, 1929). Падрыхтаваў да друку і выдаў працу В.Біржышкі «Александрынас».

Працы:

Literatura litewska // Wielka encyklopedia powszechna ilustrowana. 1909.

Skrót dziejów piśmiennictwa litewskiego. Wilno, 1919.

Barono gyvenimas ir raštai. Kaunas, 1924.

Mūsų raštų istoriją (nuoXVIa. iki 1864). Kaunas, 1925.

Duonelaičio gyvenimas ir raštai. Kaunas, 1927.

Iš mūsų kultūros ir literatūros istorijos. Т. 1—2. Kaunas, 1931—1938.

Senasis Universitetas 1579—1842 m.: vardu ir raštu atranka. Vilnius, 1940.

Lietuvių tautos kelias. Kn. 1—2. Los Angeles, 1952—1953.

Vilniaus Golgota. 2 leid.Vilnius, 1992.

Падрабязнасці:

Ивинская М. Изучение старобелорусской и староукраинской литературы в Литве между двумя мировыми войнами // Literatūra. Vilnius, 2005. T. 47 (2). С. 1—14.

Pšibilskis Vygintas Bronius. Mykolas Biržiška. Patrioto, mokslininko, kultūrininko gyvenimo ir veiklos pėdsakais. Vilnius: Vilniaus universitetas, 2009. 520 p., pav.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.