Артыкулы: бітва на Басі 1660

бітва на Басі 1660. Адбылася 8 кастрычніка на р. Бася (прыток Проні, прыток Сажа) паміж войскамі Рэчы Паспалітай і Расіі ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У канцы верасня 1660 маскоўскі ваявода кн. Юрый Аляксеевіч Далгарукаў размясціў сваё войска лагерам каля в. Гаспода на р. Бася (непадалёк ад Чавусаў) у Аршанскім пав. (каля 18 тыс. чал.). На процілеглы бераг падышло войска Рэчы Паспалітай на чале з вял. гетманам ВКЛ Паўлам Янам Сапегам, Міхалам Казімірам Пацам і Стафанам Чарнецкім (каля 12 тыс. чал., 16 гармат), а таксама ўкраінскія казакі на чале з Дзянісам Мурашкам. Некалькі дзён праз Басю ішла артылерыйская перастрэлка, з 4 кастрычніка адбываліся сутычкі. У ноч на 8 кастрычніка усё войска Речы Паспалітай пераправілася праз Басю і пастроілася ў баявы парадак. Сілы Сапегі занялі цэнтральныя пазіцыі, на правым флангу была размешчана дывізія Чарнецкага, на левым — Паца. Апоўдні маскоўскія войскі выйшлі з лагера, адбыўся ўзаемны артабстрэл, пасля пачалася генеральная бітва. У цэнтры маскоўскае войска адкінула конніцу Сапегі, пабіла шмат пяхоты і, захапіўшы гармату і некалькі сцягоў, адышла да лагера. На абодвух флангах поспех быў на баку войск Рэчы Паспалітай, якія, разбіўшы маскоўскія атрады, адагналі іх да лагера. Пад вечар усё маскоўскае войска перайшло пад ахову лагерных умацаванняў. Харугвы Рэчы Паспалітай вярнуліся за Басю. У цэлым бітва была паспяховай для войска Рэчы Паспалітай, але рашучай перамогі не атрымаў ніводны з бакоў. Яны страцілі прыкладна па 1 тыс. чал. разам з раненымі і ўзятымі ў палон праціўнікам. Не маючы дастатковых сіл, каб узяць маскоўскі лагер, войскі Рэчы Паспалітай перагарадзілі шлях, па якім са Смаленска дастаўляўся ў лагер харч. Сутычкі паміж бакамі працягваліся да 25 кастрычніка. На дапамогу лагеру з боку Полацка падышло войска І.А.Хаванскага, што дало Далгарукаву магчымасць выступіць у Магілёў.

Падрабязнасці:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 98—99.

Kossarzecki Krzysztof. Kampania roku 1660 na Litwie. Zabrze: Inforteditions, 2004. 464 s.

Касажэцкі Кшыштаф. Кампанія 1660 году ў Літве // Arche. Пачатак. 2006. № 6. С. 81—408.

Каргалов Вадим. Московские воеводы XVI—XVII вв. 2-е изд. М.: Русское слово, 2006. 334 с., ил.

Касажэцкі Кшыштаф. Кампанія 1660 году ў Літве. (Асобная адбітка з нумару 6 часопіса «Arche» за 2006 год). Б.м., 2011. 330 с., іл.

Касажэцкі Кшыштаф. Кампанія 1660 году ў Літве. 2-е выд. Смаленск: Інбелкульт, 2015. 332 с., іл.

© Валерый Пазднякоў, 2005+

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.